Зміцер Косцін: Незалежным журналістам лёгка не было ніколі


Міжнародны дзень свабоды медыяў. Свята для тысяч журналістаў, рэпарцёраў, выдаўцоў. Правакатары, нагнятальнікі панікі, шпіёны Захаду… Спіс азначэнняў, якія ўжывае кіраўнік краіны, кажучы пра незалежных журналістаў, у 2011 г. значна пашырыўся. Медыі давалі ўласную ацэнку эканамічнаму крызісу, дэвальвацыі, продажу стратэгічных прадпрыемстваў Расеі, трагедыі ў менскім метро, а сёлета – смяротнаму пакаранню для меркаваных выканаўцаў тэракту. У 2012 г. Беларусь трапіла ў дзясятку краінаў з найбольш жорсткаю цэнзураю і заняла 193-е месца са 197 у рэйтынгу свабоды медыяў.

Журналісты “Радыё Рацыя” пачалі адзначаць сваё свята яшчэ ўчора ўвечары, калі ў менскі офіс завіталі з ператрусам працаўнікі міліцыі. Паводле журналіста радыё Змітра Косціна, праваахоўнікі тлумачылі візіт аглядам кватэраў, што месцяцца недалёка ад плошчы, дзе адбудзецца парад 9 траўня. Выключна небяспечным падчас святкавання Дня Перамогі міліцыянтам падаліся ноўтбук і сістэмны блок рэдакцыйнага камп’ютара, якія былі сканфіскаваныя.

“Радыё Рацыя” і тэлеканал “Белсат” – у падобнай сітуацыі, яны працуюць у Беларусі на птушыных правах. Пытанне акрэдытацыі доўгія гады застаецца не вырашаным. Тым часам, паводле Міжнароднага камітэту абароны журналістаў, Беларусь ва ўзроўні свабоды медыяў займае сёння 193-е месца сярод 197 краінаў свету.

“Гэта, вядома, красамоўны вынік, бо Беларусь сярод такіх краінаў, як Паўночная Карэя ды Іран. Ведаючы, што за просты збор інфармацыі людзей затрымліваюць і збіваюць, што за выказванне думак людзей пераследуюць, у тым ліку і ў судовым парадку – гэта добрае акрэсленне сітуацыі. Для нашага радыё мінулы год не адрозніваўся асабліва ад папярэдняга, хіба толькі не было ператрусу, як адбылося на “Белсаце” і на “Еўрарадыё”. Таксама затрымліваліся журналісты падчас акцыяў, і не скажу, што лёгка было і што лёгка стала цяпер. Хіба што лёгка не было ніколі”, – кажа Зміцер Косцін.

belsat.eыu

Стужка навінаў