Свабода прэсы: вялікая праблема ў маленькай краіне


Сусветны Дзень свабоды прэсы Беларусь адзначае сярод пяці найгоршых ворагаў незалежнасці медыяў на ўсёй планеце. Чаму ў краіне гэтак мала свабоды слова пры вялікай колькасці незалежных журналістаў, распавядае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна.

Недзяржаўнае грамадскае аб’яднанне БАЖ налічвае больш за тысячу сябраў. Паводле статуту, сябры БАЖ у прафесійнай журналісцкай дзейнасці прытрымліваюцца міжнародных стандартаў. Разам з тым Беларусь – чарговы раз у хвасце сусветных рэйтынгаў свабоды слова. Старшыня аб’яднання Жана Літвіна сярод прычынаў называе вонкавыя ўмовы працы журналістаў:

“Сітуацыя са свабодаю слова штогоду пагаршаецца. Досвед, які мы набылі ў паслявыбарчым 2011 г., яскрава гэта дэманструе. Гэта і крымінальныя справы, якія былі заведзеныя пасля выбараў супраць сябраў БАЖ, гэта і ператрусы і канфіскацыі тэхнікі, апошнія папярэджанні пракуратуры за дзейнасць без акрэдытацыі. Варта згадаць і справу Пачобута, калі чарговы раз былі ўжытыя да журналіста артыкулы Крымінальнага кодэксу, і сітуацыю з газетамі “Наша Ніва” і “Народная Воля”, калі яны ў нейкі момант аказаліся на мяжы закрыцця. Гэта і беспрэцэдэнтныя затрыманні журналістаў падчас асвятлення маўклівых акцыяў. Пералік можна падоўжыць – і шмат гаварыць пра кожны з гэтых фактаў… Усё гэта стала падставаю таго, што зноў Беларусь пляцецца ў хвасце сусветных рэйтынгаў свабоды слова”.

Разам з тым Жана Літвіна адзначае, што ў самім грамадстве такія паняткі, як свабода слова і права на атрыманне інфармацыі, сёння не ёсць важнаю каштоўнасцю, усведамленне месца і ролі масмедыяў у грамадстве размытае. Гэта таксама перашкода, што не дазваляе лічыць нас дзяржаваю са свабодаю слова.

Што да саміх журналістаў і сутнасці іхнай працы, то галоўнаю праблемаю застаецца доступ да інфармацыі.

“Апошнімі гадамі мы назіралі цэлы шэраг крокаў, скіраваных на закрыванне ўладамі доступу да інфармацыі, доступу да дзейнасці дзяржаўных органаў. Чаго толькі варты падпісаны год таму ўказ прэзідэнта № 68, дзе пашыраны пералік дзяржаўных установаў, якія могуць надаваць інфармацыі статус сакрэтнасці. Таксама сур’ёзным бар’ерам для журналістаў у доступе да інфармацыі стала ідэалагічная вертыкаль”, –гаворыць Жана Літвіна.

У той жа час беларускія журналісты годна захоўваюць высокі прафесіянальны ўзровень. Штогоду нашыя калегі становяцца лаўрэатамі міжнародных прэміяў. Расце попыт на свабодную прэсу і ў самой краіне. Да прыкладу, падвоілася колькасць ўдзельнікаў конкурсу “Вольнае слова”, урачыстае ўшанаванне пераможцаў якога праходзіць сёння.

belsat.eu

Стужка навінаў