Ермакова: Дэнамінацыя будзе, калі грошы ў гаманец не ўлезуць


Кіраўніца Нацбанку падкрэсліла, што сёлета дэнамінацыі ў краіне не плануецца. “У 2012 г. пра гэта казаць рана, у 2013-м, магчыма, мы пачнем пра гэта задумвацца, калі сур’ёзна вырастуць даходы і грошы перастануць змяшчацца ў гаманец”, – заявіла кіраўнік Нацбанку.

Пры гэтым яна адзначыла, што шараговаму грамадзяніну дэнамінацыя “нічога не прынясе”. “У гаманцы замест паперкі, дзе напісана “1000 рублёў”, будзе ляжаць рубель. Гэта ўсё тэхнічная праца. Яна пакуль не плануецца”, – сказала Ермакова.

Успомніла чыноўніца і пра Міжнародны валютны фонд. На ейнае меркаванне, супраца з гэтаю структураю “ляжыць у палітычнай сферы”. Як кажа Ермакова, непасрэдна кіраўніцтва МВФ падтрымлівае пазіцыю, што з Беларуссю трэба супрацоўнічаць. Кіраўнік Нацбанку адзначыла, што падчас візіту ў Вашынгтон ў канцы красавіка ў яе былі сустрэчы з кіраўнікамі фонду. “Яны выказвалі глыбокую павагу да таго, што зроблена Беларуссю за апошнія паўгода, і да таго, якіх мы дамагліся вынікаў. Яны будуць нас падтрымліваць пры прыняцці рашэння аб новай крэдытнай праграме. Вядома, у МВФ шмат краінаў, якія могуць не падтрымаць. ЕЗ можа і не падтрымаць. Але спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа”, – падзялілася Надзея Ермакова.

Пры гэтым кіраўніца Нацбанку падкрэсліла, што Беларусі не столькі патрэбныя крэдыты МВФ, колькі тэхнічная ды іншая дапамога фонду.

belsat.eu

Стужка навінаў