Жытло ў Менску: $ 2000 за метр?


$ 2000 за квадратны метр – такія кошты на жытло мэр Менску Мікалай Ладуцька лічыць рэальнымі і эканамічна абгрунтаванымі. Цяпер грамадзяне будуюць кватэры без уліку выдаткаў на інжынерна-транспартныя камунікацыі. Старшыня Менгарвыканкаму прапаноўвае ўключаць іх у кошт новага жытла.

Прапанову прадаваць новыя кватэры па $ 2000 за квадратны метр Мікалай Ладуцька ўнёс на паседжанні грамадска-кансультацыйнай рады ў пытанні развіцця прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму, перадае агенцтва «Минск-новости». Ён мяркуе, што трэба амаль удвая павысіць расцэнкі на новыя квадратныя метры толькі для тых грамадзянаў, што збіраюцца купляць другую або трэцюю кватэру.

«Калі горад меў магчымасць, ён укладаў велізарныя сродкі ў інжынерна-транспартную структуру жыллёвага комплексу. Грамадзяне будавалі другія і трэція кватэры без уліку гэтых выдаткаў», – гаворыць Мікалай Ладуцька.

Паводле мэра, цяпер у сталіцы 50 тысячаў «другіх» кватэраў. І чалавек, які мае магчымасць купіць дадатковае жытло, мусіць пакрываць выдаткі на інфраструктуру. Сродкі ад ашчаджэння горад зможа ўкладаць у развіццё інфраструктуры для дзейнасці бізнесу і ў паляпшэнне ўмоваў для інвестараў.

Калі заўтра паставіць адміністрацыйным чынам кошт памерам $ 2000, усе аперацыі на рынку спыняцца, мяркуе генеральны дырэктар найбуйнейшага ў Беларусі агенцтва нерухомасці «Цэнтр гандлю нерухомасцю ПАКОДАН» Павел Кузняцоў. «Беларусы цяпер не гатовыя купляць кватэры за такі высокі кошт. Сітуацыя ў краіне такая, што гэты кошт не прымальны для абсалютнай большасць грамадзянаў пры цяперашнім сярэднім кошце стандартных кватэраў на другасным рынку $ 1100–1200 за метр. Крэдыты ў банку ўзяць немагчыма, адсоткі высокія», – разважае эксперт.

Спадар Кузняцоў заўважае, што горад стараецца развязаць праблему дэфіцыту камунікацыйнай інфраструктуры пры актыўным будаўніцтве. Ён мяркуе, што трэба ўважлівей паглядзець, адкуль бярэцца такі высокі кошт будаўніцтва сетак камунікацыяў. Бо заробкі ў галіне невысокія, а матэрыялы выкарыстоўваць пераважна беларускай вытворчасці.

belsat.eu

Стужка навінаў