Мацкевіч: дзеці траплялі на ўлік за задачы рэпетыцыйнага тэставання


Спіс з 11 прадметаў. Рахунак – 10 тысяч рублёў за кожны іспыт… Пачалася рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэставанне. Заяву на ўдзел у цэнтралізаваным тэставанні кожны абітурыент мусіць падаць самастойна – у любы пункт рэгістравання, дзе атрымае пропуск на іспыты. Адкрые тэставанне 13 чэрвеня беларуская мова. У апошнюю чаргу дзяржава спраўдзіць веды абітурыентаў па геаграфіі – 27 чэрвеня.

Паводле намесніцы старшыні Таварыства беларускай школы, 11 прадметаў – гэта зашмат.

“Лепей, каб быў адзін тэст, але вельмі якасны. У сувязі са зменаю патрабаванняў школаў, ім патрэбныя не толькі прадметныя веды ў нейкай галіне, але яшчэ і набор кампетэнцыяў. Таму тэст, напрыклад, амерыканскі – скіраваны на выяўленне кампетэнцыі, то бок спецыялізаванасці ў сваёй галіне. Ён складаецца з чатырох частак. Там ёсць і мова, і матэматыка, і іншыя навукі, але ва ўсіх раздзелах правяраюцца не толькі веды, але і здольнасць разумець і рабіць высновы. Гэткая сістэма была б значна лепшая і для нашай школы, і для краіны ў перспектыве”, – кажа Тамара Мацкевіч.

Кожнае, нават пробнае тэставанне каштуе 10 тысяч рублёў. Паводле адмыслоўцы, было б разумней дазволіць абітурыентам здаваць тэсты некалькі разоў, прычым каб першая спроба была бясплатная.

“Сёлета выкладчыкі ўпершыню сутыкнуліся з вялікаю праблемаю. У нас па ўсёй краіне ішлі суды. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў падаваў у суд на выкладчыкаў – нібыта яны парушылі ягонае аўтарскае права. А яны проста з дзецьмі развязвалі задачы рэпетыцыйнага тэставання. Але яны гэта рабілі он-лайн. Больш за тое, мы ўпершыню сутыкнуліся з тым, што дзеці, якія развязвалі задачы рэпетыцыйнага тэставання, ставіліся на ўлік у міліцыю. Я асабіста ведаю двух настаўнікаў, што прайгралі гэтыя суды і заплацілі па 20 базавых. Адна з настаўніц давяла, што інстытут не захаваў сваіх аўтарскіх правоў на тыя тэксты”, – кажа спадарыня Мацкевіч.

Разам з гэтым, паводле Мацкевіч, ЦТ зменшыла ўзровень карупцыі ва ўніверсітэтах, аднак гэтая сістэма ўсцяж патрабуе рэфармавання.

belsat.eu

Стужка навінаў