Аляксандр Сінкевіч: інфляцыя не спыніцца


З траўня бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) вырас на 5,1 %. Разам з ім павысіліся пенсіі ды выплаты на ўтрыманне дзяцей. Наколькі сур’ёзныя грошы будуць атрымліваць самыя малыя і сталыя беларусы, «Белсату» распавядаюць эканамісты Аляксандр Сінкевіч і Леанід Заіка.

З 1 траўня дзее новы бюджэт пражытачнага мінімуму, які складае Br 743 тыс. Савет Міністраў прадугледжвае, што:

56 % гэтай сумы пойдзе на харчаванне;
21 % – на гардэроб;
7,3 % – плата за жытло і паслугі;
5 % – пабытовыя і гаспадарчыя тавары;
астатняе – лекі, транспарт, унёскі і плацяжы.

У звязку з новым БПМ сярэдняя беларуская пенсія па ўзросце з траўня сягае Br 1,47 млн (пры максімальна магчымай Br 2,2 млн). Дзяржаўная дапамога на дзяцей да трох гадоў вырасла да Br 743 тыс., а з надбаўкамі можа сягаць Br 1,3 млн. Выплата па нараджэнні першага дзіцяці будзе сягаць Br 7,4 млн, другога і наступных – Br 10,4 млн.

Пра павышэнне пенсіяў эканаміст Леанід Заіка кажа ў кантэксце выдаткаў на ўтрыманне сабак:

«На ўтрыманне аднаго бяздомнага сабакі бюджэт выдаткоўвае 20 тысяч рублёў на дзень. Пенсія прафесара філасофіі ды эканомікі – 1,2 мільёна, то бок 40 тысяч рублёў на дзень. У Беларусі сацыяльная сітуацыя такая: два сабакі – што адзін прафесар. Можна павысіць пенсію на некалькі адсоткаў – і ў прафесара будзе 48 тысячаў на дзень. Хай купіць дадатковы батон і малака».

Паводле ацэнкі Леаніда Заікі, у нас склалася абуральная, непрыстойная сітуацыя. Бо ў суседняй Украіне прафесар такой жа галіны атрымлівае $ 600–700 пенсіі.

Грошы на сацыяльныя выплаты ў дзяржавы ёсць, запэўнівае эканаміст, варта толькі паглядзець, якія арэны і спартовыя палацы ў нас будуць. Трава на праспекце, па якім ездзіць Лукашэнка, каштуе каля $ 2 тыс. Грошы ёсць, але яны ў руках наменклатуры – грошы да народу не даходзяць, рэзюмуе эканаміст.

Аляксандр Сінкевіч разглядае павышэнне сацыяльных выплатаў як вынік інфляцыі:

«Паступовае індэксаванне пенсіяў і сацыяльных выдаткаў падганяюць пад паўзучую інфляцыю. Інфляцыя і не думае спыняцца, яна набрала 5 % за першы квартал і будзе расці. Хутчэй за ўсё дадаткі паступовыя, размотванне спіралі інфляцыйнай будзе развівацца да канца года».

Паводле Аляксандра Сінкевіча, грошы на сацыяльныя выплаты бюджэт не друкуе, а бярэ з расейскіх крэдытаў, за кошт страты часткі нацыянальнай маёмаснай бяспекі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары