Апытанне: Ці патрэбны парад?


Беларусь рыхтуецца да Дня перамогі, 9 траўня. У Менску пройдзе традыцыйны парад, пасля якога а 22-й гадзіне ў гонар перамогі СССР над нацысцкаю Нямеччынай артылерыйскія ўсталёўкі дадуць 30 залпаў.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў, ці не стане пампезнае адзначэнне параду своеасаблівым балем падчас чумы. Магчыма ёсць больш істотныя патрэбы?

“Я лічу, што не трэба пампезнасці, калі навокал бяда, калі як што не тое скажаш, то пасадзяць. Таму я… ну што рабіць? Маўчаць трэба. Думаю, што ўсё мусіць быць сціпла. У адпаведнасці з нашымі прыбыткамі. І няма чаго высільвацца і рабіць нейкую паказуху. Кожны гэта ведае, проста ўсе баяцца гаварыць”, – падзяліўся мужчына.

“Варта, вядома, варта. Колькі ж засталося тых ветэранаў! Я лічу, што гэта такое свята, ну з гледзішча нават выхавання наступнага пакалення: каб яны ведалі, як іхныя дзяды змагаліся і перамаглі. Таму абавязкова трэба. Прычым няма тут ніякіх выдаткаў!” – лічыць жанчына ў гадах.

“Гэта мусіць незабыўна быць. Проста калі нічога не рабіць, то ўсё забудзецца. Бо шмат хто са старых яшчэ жывыя, і для іх гэта прыемна”, – кажа дзяўчына.

“Ну як – святы ж дзень! У мяне, напрыклад, бацька загінуў у 41 годзе. Як жа яго не святкаваць? Самае лепшае свята!” – упэўнены мужчына сталага веку.

“Трэба сціпленька павіншаваць ветэранаў – і дастаткова будзе. А гэтыя грошы лепш ветэранам даць на хлеб і малако, яны б больш удзячныя былі”, – кажа малады чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў