Сяргея Каваленку этапавалі ў следчы ізалятар МУС


Паводле ягонай жонкі, невядома, куды мужа накіруюць далей. “Магчыма, у Віцебск перавядуць у СІЗА, дзе ён быў першыя два месяцы зняволення. У калонію накіраваць не могуць, бо прысуд яшчэ не набыў моцы”, – сказала яна.

Алена Каваленка занепакоеная тым, што мужу “не далі толкам выйсці з галадоўкі”. Паводле яе, гэта ўжо чацвёрты этап за два месяцы. Жонка апазіцыянера мяркуе, што гэта “форма ціску на яго”.

Яна таксама паведаміла, што пакуль невядомыя вынікі псіхіятрычнай экспертызы, праведзенай у “Навінках” у дачыненні Сяргея Каваленкі. Алена лічыць, што калі ейнага мужа этапавалі з клінікі, заключэнне, што ён здаровы, ужо гатовае. Жанчына чакае, што дакумент з’явіцца бліжэйшым часам, яшчэ да 9 траўня.

Рашэнне накіраваць Сяргея Каваленку на комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару прыняла 10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суда. Да атрымання вынікаў экспертызы абласны суд прыпыніў разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі на вырак суда Першамайскага раёну Віцебску, які 24 лютага прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, вынесеным апазіцыянеру ў траўні 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску: тры гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Алена Каваленка таксама заявіла, што, паводле інфармацыі ейнай крыніцы, мужа спрабавалі забіць, калі ён быў яшчэ ў Рэспубліканскай турэмнай больніцы МУС, дзе трымаў галадоўку. Да Каваленкі ў камеру падсаджвалі “здаровых качкоў”, якія яго правакавалі ды абражалі. А калі Каваленка не вытрымаў і ўдарыў аднаго з іх у твар, той пачаў яго душыць, распавяла Алена. Яна нагадала, што вага Сяргея складала ў той момант каля 50 кг, і сілы былі няроўныя. У выніку “паклікалі міліцыянтаў”.

Да Сяргея, паводле ягонай жонкі, таксама фактычна ўжывалі катаванні: рабілі скразняк, калі ён, аслаблены галадоўкаю, прыходзіў у камеру пасля душа, не давалі спаць уначы, і гэтак далей.

Жонка апазіцыянера лічыць, што “ён выжыў толькі дзякуючы сіле духу”.

Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкутрымаюць у зняволенні з 19 снежня 2011 года. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку і страціў палову вагі. 1 красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць, бо прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах ён адмаўляўся, нягледзячы на настойлівыя ўгаворы родных, просьбы прадстаўнікоў грамадскасці ды апазіцыйных палітыкаў. Пры гэтым Каваленка заяўляў, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайную больніцу.

13 красавіка стала вядома, што Каваленка добраахвотна спыніў галадоўку і пачаў самастойна выходзіць з яе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары