Спецназ супраць жыхароў Уручча


Канфлікт вакол ушчыльнення сталічнага мікрараёну працягваецца. Гэтым разам замест камунальных службаў расчышчаць будучую будаўнічую пляцоўку прыехалі байцы спецназу.

Сёння зранку, 2 траўня, працягнулі секчы сквер насупраць музею валуноў. Дамы, якімі плануецца ўшчыльніць мікрараён, заселяць збольшага байцамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння, менавіта яны замянілі сёння працаўнікоў “Зялёнбуду”. Бравых праваахоўнікаў ахоўвалі міліцыянты.

Хлопцы не хавалі: ім хочацца як мага хутчэй засяліцца ў новыя дамы, таму меркаванне мясцовых жыхароў іх не цікавіць.

Канфлікт працягваецца ўжо больш за 10 гадоў, аднак толькі сёлета напрыканцы красавіка “Зялёнбуд” пачаў высякаць сквер. Мясцовыя жыхары звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з дакументамі, паводле якіх будаўніцтва на скрыжаванні вул. Шугаева і вул. Русіянава – незаконнае. А на нядаўнім рэспубліканскім суботніку яны за ўласныя грошы высадзілі новыя дрэвы. Сёння ініцыятыву праявілі іхныя будучыя суседзі.

“Мы тут сабраліся з надзеяй, што нам хтосьці дапаможа. Тут абражалі жанчын, выкручвалі ім рукі, зараз на грузавіку ляжыць нашая праца апошніх 10 гадоў. Нам бы хацелася, каб гарадскія ўлады ўсё ж такі перагледзелі сваё рашэнне аб планаванні раёну”, – усцяж спадзяецца на справядлівасць уладаў намеснік старшыні кааператыву мясцовых жыхароў спадар Мажайскі.

“Тут людзі баранілі сваіх дзяцей, каб ім было месца, дзе пагуляць. Дзе нашыя дэпутаты? Дзе наш прэзідэнт, якому мы гэтак верылі, які гэтак абяцаў, што людзі будуць жыць спакойна і шчасліва? Не прайсці, паўсюль адныя мянты, мы за яго галасавалі, баранілі яго, выбіралі яго столькі разоў, а ён што робіць? Паглядзеў бы ў вочы людзям, а не па калгасах ездзіў”, – кажа мясцовая жыхарка Зоя Нямковіч.

belsat.eu

Стужка навінаў