Прыватную ВНУ "Энвіла" закрыюць


Першая ў Беларусі ды СНД навучальная ўстанова для жанчын, прыватны жаночы інстытут “Энвіла”, закрыюць. У 2012 годзе набіраць абітурыентак тут не будуць.

У ВНУ тлумачаць рашэнне аб закрыцці эканамічнымі прычынамі: у 2011 годзе інстытут не выканаў заяўленага плану набору.

“Энвіла” працуе з 1994 года як прыватная ўстанова адукацыі. Гэта першая і адзіная ў Беларусі ды СНД вышэйшая ўстанова толькі для жанчын. У структуры інстытуту – факультэты лінгвістыкі, эканомікі ды псіхалогіі. Тут рыхтуюць спецыялістаў-перакладчыкаў, эканамістаў і псіхолагаў. У інстытуце дзеюць інфармацыйна-аналітычны ды культурна-выхаваўчы цэнтры.

Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна паведаміла, што рашэнне аб закрыцці ВНУ прымалася саветам заснавальнікаў, а не Мінадукацыі. Паводле Ванінай, закрыццё тлумачыцца нерэнтабельнасцю. Студэнткам, сказала Ваніна, дадуць магчымасць закончыць гэты навучальны год у “Энвіле”. Усе ахвотныя працягваць адукацыю змогуць зрабіць гэта ў дзяржаўных універсітэтах краіны на платных аддзяленнях. Папярэдняя дамоўленасць пра гэта ёсць.

Нагадаем, у 2011 годзе “Энвілу” ўжо планавалася закрыць на падставе рашэння калегіі Мінадукацыі ад 6 чэрвеня 2011 года. Паводле неафіцыйных звестак, рашэнне прынялі пасля выяўлення сур’ёзных парушэнняў тэхнікі бяспекі ды адмовы ў арэндзе памяшканняў. Праз тыдзень пасля гэтай інфармацыі з’явілася іншая, пра тое, што ўступная кампанія ў ВНУ пройдзе як звычайна.

Калі “Энвіла” закрыецца, у Беларусі не застанецца жаночых ВНУ. Прафесар Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка Ірына Чыкалава, якая раней выкладала і ў “Энвіле”, зазначыла, што інстытут “займаў пэўную нішу” ў беларускай адукацыі: “Ён даваў магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю тым дзяўчатам, якія з самых розных прычынаў не могуць вучыцца ва ўмовах супольнага навучання”. Чыкалава шкадуе, што “такое цікавае жаночае пачынанне зведала фіяска, праіснаваўшы 18 гадоў”. “Энвіла” была прыкметным жаночым праектам, які ў будучыні яшчэ трэба будзе вывучыць як цікавую жаночую ініцыятыву”, – сказала яна.

belsat.eu

Стужка навінаў