Францыя: актывіст «Greenpeace» «атакаваў» з паветра АЭС


Адзін з актывістаў «Greenpeace» без перашкодаў пранік на тэрыторыю атамнай электрастанцыі «Бюжэ» з дапамогаю параплану. На купал аднаго з будынкаў, дзе месціцца рэактар, актывіст кінуў дымавую шашку. Потым ён прызямліўся на тэрыторыі АЭС і быў арыштаваны.

Гэткім чынам актывісты экалагічнай арганізацыі хацелі паказаць неабароненасць атамных станцыяў ад магчымых тэрарыстычных актаў.

Пасля катастрофы на «Фукусіме» Францыя разам з іншымі еўрапейскімі краінамі правяла тэсты на бяспеку на сваіх 58 ядравых рэактарах, каб спраўдзіць іх здольнасць супрацьстаяць паводкам, землятрусам, перабоям у падачы электраэнергіі, паломцы сістэмы ахалоджвання. Аднак тэсты не ўключалі магчымасці здзейсніць тэрарыстычны напад на ядравыя аб’екты ці магчымага падзення самалёта на рэактар.

Акцыя адбылася за чатыры дні да другога туру прэзідэнцкіх выбараў. Сацыяліст Франсўа Алянд, апанент дзейнага прэзідэнта Нікаля Сарказі, заяўляе, што ў выпадку перамогі ён будзе ініцыяваць закрыццё 24 атамных рэактараў да 2025 г.

belsat.eu

Стужка навінаў