Ігар Кузняцоў: Свята Першамая было актуальнае ў 1990-я


https://youtu.be/soi-BQ2fNPY
1 траўня – Міжнародны дзень салідарнасці працоўных. Але публічна салідарызавацца ўлады дазволілі толькі дзяржаўнаму прафсаюзу Беларусі. Незалежным прафсаюзам, грамадскім і апазіцыйным актывістам, якія планавалі мітынгі ў абарону правоў працоўных, правесці акцыяў не дазволілі.

Дзясяткі тысячаў працоўных Расеі выйшлі на мітынгі, зладжаныя рознымі палітычнымі партыямі. Нават у камуністычным Кітаі працоўныя сёння крытыкавалі дзяржаву – патрабавалі спыніць сацыяльнае ізаляванне краіны і ўрэгуляваць колькасць працоўных гадзінаў. У Беларусі ж (сярод беспрацоўя, нізкіх заробкаў і праблемаў з рынкамі збыту) – “ПРАЦА – МІР – МАЙ – ПІВА НАЛІВАЙ!”… Дзень змагання за паляпшэнне ўмоваў працы чарговы раз выглядаў як свята задаволеных працадаўцамі ды абураных дзеяннямі правакатараў (то бок – апазіцыі) беларусаў.

Гісторык Ігар Кузняцоў, улічваючы крызіс, называе 1 траўня святам са слязьмі на вачах. Афіцыйныя прафсаюзы, якія мусяць абараняць правы працоўных, прымушаюць іх дэманстраваць задаволенасць жыццём і ўладамі. “Чаму мы крытыкуем апазіцыю, а не высоўваем патрабаванні да ўлады, якая давяла краіну да такога стану, што людзі не адпачываюць у гэты дзень, а мусяць садзіць бульбу і думаць, як выжыць?” – задае рытарычнае пытанне госць “Гарачага каментара”.

“Навошта выносіць палітычныя лозунгі кшталту “Раздавім фашысцкую гадзіну”? Трэба вярнуцца да пачаткаў. Шмат хто забыўся, што свята 1 траўня было зацверджанае кангрэсам Камінтэрну, і галоўным лозунгам была барацьба за васьмігадзінны працоўны дзень. Тады гэта было актуальна”, – нагадвае гісторык.

Інакш успрымалася свята на пачатку 1990-х: у кантэксце барацьбы з савецкім стылем кіравання, за лепшае жыццё, за дэмакратыю, за свабоду. Цяпер жа, паводле Ігара Кузняцова, вярнуліся да тыпова савецкай мадэлі: “У Савецкім Саюзе гэты дзень праходзіў заўсёды пад класавым лозунгам барацьбы з капіталізмам. Гэта быў выключна ідэалагічны дзень”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары