БРСМ абяцае азалаціць студэнтаў у будаўнічых атрадах


Пры сярэдняй стыпендыі Br 500 тыс., абяцаныя за працу ў студэнцкіх атрадах Br 5 млн – сапраўды шалёныя грошы. БРСМ гарантуе, што такія заробкі змогуць атрымліваць беларускія студэнты кожны летні месяц. Але не варта забываць, што грошы даюць “усадку”, папярэджвае эксперт.

На мітынгу ў гонар адкрыцця працоўнага семестра “Лета-2012” прагучалі смелыя заявы з боку кіраўніцтва БРСМ: “У будаўнічых студатрадах гораду можна будзе зарабіць да 5 мільёнаў рублёў за месяц. Асноўныя аб’екты – будаўніцтва студэнцкай вёскі і новага Музею ВАВ, жыллё”, – перадае БелТА словы Юрыя Чачукевіча, першага сакратара гаркаму БРСМ.

Што могуць азначаць гэтыя абяцанні, расказвае эканаміст Антон Боўтачка: “Зарабіць летам на будоўлі можа не толькі некваліфікаваны студэнт, але і арганізацыі-пасярэднікі, напрыклад, сама ВНУ. Можа быць выкарыстаная такая схема: людзі працуюць, заробак ідзе праз нейкую інстанцыю, дзе асядае пэўная частка грошай. І студэнту даходзіць не тры мільёны, што ён зарабіў, а, да прыкладу, два”.

На меркаванне Антона Боўтачкі, праца будаўніком альбо грузчыкам не дапамагае стаць чалавеку лепшым адмыслоўцам у сваёй галіне. У летні час варта знайсці занятак паводле профілю: уладкавацца памочнікам бухгалтара, напрыклад.

Для эканомікі ў маштабе краіны такія студэнцкія атрады мала што даюць. Яны граюць пэўную ролю на лакальным ды ідэалагічным узроўні. Але галоўнае, каб у іх ўсе было арганізавана законным чынам, перасцерагае эксперт.

Для больш прасунутага студэнцтва існуе альтэрнатыўны варыянт – накіравацца туды, дзе больш плацяць. На адмысловых сельскагаспадарчых студэнцкіх праграмах Еўразвязу заробкі лічаць не беларускімі мільёнамі, а тысячамі еўраў.

На сёння ў студатрады запісаліся каля 19 тыс. навучэнцаў беларускіх ВНУ. Дамовы падпісаныя на 9 тыс. працоўных месцаў. Акрамя будоўлі, студэнты будуць занятыя на сельскагаспадарчых працах, у сервісным абслугоўванні, экалагічных і педагагічных атрадах.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары