Дзень працы дазволілі адзначыць толькі праўладным арганізацыям


Міжнародны дзень салідарнасці працоўных публічна дазволена адзначаць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Незалежным прафаб’яднанням і прадстаўнікам апазіцыі праводзіць якія-небудзь масавыя імпрэзы забаронена як у Менску, так і ў рэгіёнах.

Афіцыйны мітынг з удзелам кіраўніцтва ФПБ і прадстаўнікоў органаў улады пачнецца а 12.00 у менскім парку імя Янкі Купалы. Затым пройдзе трохгадзінны канцэрт з удзелам артыстаў эстрады. Масавыя гулянні будуць арганізаваныя таксама ў Цэнтральным дзіцячым парку адпачынку імя М. Горкага, парках 50-годдзя Кастрычніка і Дружбы народаў – тут пройдуць канцэрты, будуць працаваць атракцыёны і пункты грамадскага харчавання. Афіцыйныя імпрэзы адбудуцца ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах краіны.

Мітынг апазіцыі ў парку Дружбы народаў Менгарвыканкам забараніў у сувязі з запланаванымі там афіцыйнымі гуляннямі. Гэтую забарону лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін пракаментаваў так: “Улады плююць на Канстытуцыю, на артыкул 35, які гарантуе свабоду сходаў і вулічных шэсцяў. “Закон аб масавых мерапрыемствах” стаў забаронаю на іх правядзенне, улады нават не знаходзяць часу нармальна растлумачыць прычынаў адмовы ў правядзенні вулічных акцыяў, не жадаюць размаўляць з арганізатарамі пра перанос часу і месца акцыі”.

Першамайскі апазіцыйны мітынг таксама забаронены ў Мікашэвічах (Лунінецкі раён Берасцейскай вобласці). Акцыя мела падтрымаць рабочых мясцовага РУВП “Граніт”, якія выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і абвясцілі пра намер стварыць незалежную прафсаюзную арганізацыю, за што зазнаюць ціск з боку адміністрацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў