Шумчанка: Не будзе ІП – не будзе сярэдняга і буйнога бізнесу


Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Перспектыва” зладзіла прадпрымальніцкі форум “Малы бізнес – погляд у будучыню”. Галоўная яго мэта – выявіць праблемы ў сферы малога бізнесу і знайсці шляхі іх рашэння, атрымаць інфармацыю з першых вуснаў: чым сёння жыве і дыхае малы бізнес, што неабходна яму дзеля паспяховага развіцця.

Паводле старшыні аб’яднання Анатоля Шумчанкі, “Перспектыва” штогод ладзіць конкурс “Найлепшы рэгіён Беларусі”, даследуе працэсы ў сферы індывідуальнага прадпрымальніцтва, распрацаваныя праграма “Перспектыва” і праект закону аб ІП.

“Мы глядзім наперад, і калі гэта не спатрэбіцца цяперашнім уладам, то, упэўнены, будучыя ўлады запатрабуюць нашыя напрацоўкі, – перакананы Шумчанка. – Калі будуць адбывацца нейкія змены ў эканоміцы і палітыцы, хочам быць прафесійна падрыхтаваныя да іх. Каб не распачынаць усё з чыстага аркуша, як гэта было ў 1994 г. Самы галоўны наш рэсурс – людзі, прадпрымальнікі, якія з усіх сацыяльных слаёў грамадства сёння найбольш актыўна выказваюць сваю пазіцыю”.

Як зазначалася на форуме, у Беларусі адбываецца стагнацыя сектару малога бізнесу ў асобе індывідуальных прадпрымальнікаў – іх колькасць, у параўнанні з мінулым годам, скарацілася на 10 000 чалавек.

“Нам незразумелыя дзеянні ўладаў, бо аснову асноваў любога бізнесу складае старт, – зазначае Шумчанка. – А гэта мы – ІП. Не будзе нас – не будзе сярэдняга і буйнога бізнесу. Застанецца, так бы мовіць, алігархічны – хтосьці з прэзідэнтам у хакей гуляе, падкаціў, праект “запіхнуў”, атрымаў згоду і робіць. <…> Мы супраць гэтага, і таму спрабуем цывілізавана і канструктыўна давесці гэтую пазіцыю да ўсяго грамадства”.

На форуме абмеркаваная і прынятая рэзалюцыя, якую давядуць да ведама ўсіх органаў улады і грамадскасці.

belsat.eu

Стужка навінаў