Еўразвяз фінансуе БТ


13 снежня 2010 г. Першы канал Беларускага тэлебачання паказаў прэм’ернае выданне праграмы «Акно ў Еўропу», што фінансуецца Еўрапейскаю Камісіяй. Такім чынам, мы даведаліся, што структуры Еўрапейскага Звязу вырашылі прызначыць грошы еўрапейскіх падаткаплатнікаў на падтрыманне рэжымнага беларускага тэлебачання. У нас як журналістаў, што доўгі час змагаюцца за свабоду слова ў Беларусі ды захаванне належных стандартаў у галіне інфармацыі, гэты факт выклікае абурэнне і дэзарыентацыю.

Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне ёсць рупарам прапаганды рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэта праяўляецца нават у спосабе асвятлення цяперашняй выбарчай кампаніі, калі, паводле дакладу назіральнай місіі АБСЕ, 86 % часу прысвячаецца дзейснаму прэзідэнту і ўсяго 14 % – іншым кандыдатам, дый тое яны пераважна не называюцца пайменна, а прэзентуюцца як група.
 
Прызнанне ўстановамі Еўрапейскага Звязу тэлебачання, якое ёсць элементам уладных структураў і далёкае ад прыкладаў сумленнай журналістыкі, да таго ж за 10 дзён да выбараў, – проста непрымальнае. Варта таксама адзначыць, што праграма «Акно ў Еўропу» мае за мэту папулярызаваць веды пра Еўропу, а рыхтуюць яе журналісты, якіх гледачы адназначна асацыююць з несумленнасцю і палітычным спрыяннем рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
 
Мы падтрымліваем дыялог ды імкненне да паразумення ў адносінах паміж Беларуссю і Еўропаю. Аднак гэты дыялог мусіць праводзіцца з захаваннем прынцыпаў. Еўрапейская Рада ў сваім заключэнні ад 25 кастрычніка 2010 г. паставіла прагрэс у адносінах з Беларуссю ў залежнасць ад павагі правоў чалавека і прагрэсу ў галіне свабоды медыяў. Нас вельмі трывожыць сітуацыя, калі прамоцыя свабоднага свету – у гэтым выпадку Еўрапейскага Звязу – у выніку вузкага палітычнага інтарэсу рэалізуецца пры дапамозе прапагандысцкіх установаў недэмакратычнай дзяржавы, якой усё яшчэ застаецца Беларусь. Гэтыя ўстановы штодня выкарыстоўваюцца для зняволення грамадства і падпарадкавання яго рэжыму. Іх прызнанне абсалютна несумяшчальнае з ідэаламі дэмакратыі ды правоў чалавека, упісаных у афіцыйную пазіцыю Еўрапейскага Звязу. Падтрыманне Еўрапейскім Звязам рэжымнага беларускага тэлебачання – гэта найгоршы сігнал для ўсіх зацікаўленых у вяртанні свабоды слова ў Беларусі.
 
Мы заклікаем усіх калегаў у Беларусі ды Польшчы падпісацца пад гэтаю заяваю пры згодзе з яе зместам. Гэта можна зрабіць ў каментары пад тэкстам заявы.

Мы збіраемся перадаць гэтую заяву старшыні Еўрапейскай Камісіі ды еўрадэпутатам усіх фракцыяў.

Калектыў тэлеканалу «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары