Леанід Заіка: Давядзецца эканоміць, але гэта пазітыўны сцэнар


На 5 % падскочыла ўгару інфляцыя ў першым квартале года, з іх 1,5 % – у сакавіку. Беларусь ужо каторы месяц застаецца безумоўным лідарам (паводле росту коштаў) сярод краінаў-суседак, саюзнага Казахстану ды краінаў Старога свету. Урад паставіў задачу не перакрочыць сёлета 22-адсоткавай рысы інфляцыі, хоць прызнае: нават гадавы паказнік 10 % – трагічны.

Эканаміст Леанід Заіка тлумачыць, што 1,5 % – адносна невысокі паказнік. Яго дасягнулі ў выніку падзення пакупніцкай здольнасці насельніцтва, з аднаго боку, і штучнага стрымлівання росту коштаў на сацыяльна значныя тавары ды паслугі – з другога. Пасля першага кварталу яны пойдуць у рост, каб зраўняцца з узроўнем, якога не паспелі дасягнуць летась.

Ці справіцца ўрад з уласным прагнозам 19–20 % за год? З другога кварталу інфляцыя можа вырасці, бо павялічылася базавая велічыня, прыбавілі заробкі, плануецца павелічэнне пенсіяў. «Я сказаў бы, што 20 % – гэта вельмі аптымістычны сцэнар, тым больш, што мы не ведаем, што будзе адбывацца з беларускім рублём», – разважае эксперт.

Каб абараніць свой гаманец, эканаміст раіць спажываць меней мяса і рыбы, садавіну і гародніну вырошчваць у гародах, а таксама рабіць пакупкі не на малых рынках, а ў буйных гіпермаркетах, дзе часта бываюць распродажы.

Адносна высокіх адсоткавых ставак па ўкладах у беларускіх рублях Леанід Заіка зазначае, што на сёння гэта самая прыбытковая грашовая адзінка. Аднак ужо ў траўні–чэрвені раіць вяртацца да зберажэнняў у валюце.

У пераходзе ж да эканоміі эксперт бачыць хутчэй пазітыўны момант: «У 2010 годзе беларусы ашчаджалі меней за 5 % ад месячнага прыбытку. Калі гэты паказнік ніжэйшы за 10 %, краіна не мае шанцаў на інвестыцыйныя праекты». Ашчаджанне, паводле суразмоўцы, – больш здаровы сцэнар развіцця эканомікі, чымся спажыванне.

belsat.eu
https://youtu.be/HoDBltuoheA

Глядзі таксама
Каментары