Уладзімір Някляеў: Вінаградава збіраюцца зноў пасадзіць


Грамадзянская кампанія “Гавары праўду!” звяртаецца да генеральнага пракурора Беларусі з просьбаю не распачынаць крымінальнай справы на аднаго з лідараў моладзевага крыла кампаніі – Паўла Вінаградава.

Як паведаміў 30 красавіка на прэс-канферэнцыі лідар кампаніі “Гавары праўду!” экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў, пачаўся збор подпісаў грамадзянаў Беларусі пад адкрытым лістом да генеральнага пракурора Аляксандру Конюка з патрабаваннем спыніць незаконны пераслед з боку органаў унутраных справаў, а таксама судовую сваволю ў дачыненні актывіста кампаніі Паўла Вінаградава.

Як заявіў Някляеў, “Гавары праўду!” лічыць, што сілавыя структуры спланавалі ды рэалізоўваюць кампанію, мэта якой – падвесці Вінаградава, які застаецца пад прэвентыўным наглядам органаў унутраных справаў, пад чарговую крымінальную справу і пазбавіць яго волі. Так ужо было зроблена з раней вызваленымі палітзняволенымі Аляксандрам Малчанавым і Васілём Парфянковым.

“Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем звярнуць вашую ўвагу на факты мэтанакіраванага ціску і правакацыяў з боку органаў унутраных справаў у дачыненні Паўла Вінаградава, а таксама на прававы суб’ектывізм суддзяў, якія разглядаюць яўна сфальсіфікаваныя справы. Павел Вінаградаў вядомы грамадскасці краіны як чалавек з актыўнаю грамадзянскаю пазіцыяй. За ўдзел у акцыях пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў супраць указу № 760 у 2008 г. яго прыгаварылі да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” прызнала Вінаградава вязнем сумлення. Неўзабаве пасля гэтага ён быў амніставаны. У 2011 г. за ўдзел у мірнай акцыі грамадзянскага пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Вінаградава прыгаварылі ўжо да 3 гадоў пазбаўлення волі. І зноў “Amnesty International” прызнала маладога чалавека вязнем сумлення. А ў верасні мінулага года ў выніку памілавання прэзідэнта Беларусі Павел быў вызвалены”, – гаворыцца ў заяве.

“Безумоўна, сілавыя структуры разлічвалі на тое, што пасля дзвюх крымінальных справаў ён перастане займацца палітычнаю дзейнасцю. Аднак Вінаградаў захаваў вернасць сваёй грамадзянскай пазіцыі. І гэта не засталося без увагі”, – сказаў Уладзімір Някляеў.

Павел Вінаградаў быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г. Суд прыгаварыў яго да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 14 верасня 2011 г. актывіста вызвалілі на падставе ўказу прэзідэнта аб памілаванні, хоць прашэння на імя Аляксандра Лукашэнкі ён не падаваў.

10 красавіка гэтага года супраць Вінаградава ўвялі рэжым прэвентыўнага нагляду на два гады. Згодна з правіламі, ён мусіць быць дома з 8-й гадзіны вечара да 7-й раніцы, яму забаронена пакідаць горад без дазволу міліцыі.

Міліцыя матывуе гэта тым, што Вінаградаў працягвае кантакты з прыгаворанымі судом асобамі, тым, што ён не ўладкаваўся на працу і прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці. Актывіста моладзевага крыла “Гавары праўду!” некалькі разоў затрымлівала міліцыя – нібыта за брыдкаслоўе. Агулам ад пачатку гэтага года Вінаградава чатыры разы прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці, ён правёў за кратамі больш як 30 дзён.

Цяпер Вінаградаў адбывае 5-дзённы арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве.

belsat.eu

Стужка навінаў