Чарговая дэнамінацыя – у 2013-м?


У 2013 г. у Беларусі могуць разгледзець пытанне аб дэнамінацыі беларускага рубля, паведаміла кіраўнік Нацыянальнага банку Надзея Ермакова на сустрэчы з працоўным калектывам Слуцкага заводу эмалевага посуду.

Як інфармуе інтэрнэт-рэсурс навінаў www.kurjer.info, Ермакова распавяла пра сітуацыю ў фінансавай сферы дзяржавы, пра палітыку ў галіне выдавання крэдытаў на будаўніцтва жытла, пра крэдыты дзеля аплаты навучання студэнтаў, пра сітуацыю з аплатаю беларускімі пластыкавымі карткамі за мяжою.

Старшыня праўлення Нацбанку адказала на пытанні рабочых заводу. Яна патлумачыла, што ўвядзенне на тэрыторыі Беларусі расейскага рубля не разглядаецца, адзначыла, што сама не прыхільніца такога рашэння і выступае за захаванне суверэнітэту. Наконт магчымай дэнамінацыі беларускага рубля Ермакова сказала, што, найхутчэй, толькі ў 2013 г. умовы могуць спрыяць таму, каб заняцца разглядам гэтага пытання.

Нагадаем, 14 сакавіка падчас наўпроставай лініі ў газеце “Рэспубліка” Надзея Ермакова таксама выказвалася пра магчымую дэнамінацыю. Сярод іншага, кіраўнік Нацыянальнага банку выказала меркаванне, што перш як праводзіць у Беларусі дэнамінацыю, трэба цалкам аднавіць эканоміку. “Не выключана, што калісьці дэнамінацыя будзе, калі ў нас моцна вырастуць даходы і ў нашых гаманцах гэтыя купюры ўжо не будуць змяшчацца. Сёння пакуль і ў балансе, і ў калькулятарах, і ў гаманцах усе нулі яшчэ змяшчаюцца”, – сказала Ермакова.

Апошні раз дэнамінацыя беларускага рубля (у суадносінах 1:1000) праводзілася ў Беларусі 1 студзеня 2000 г. Тады Нацыянальны банк увёў у абарачэнне банкноты наміналам 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 рублёў, а пазней – 10 000, 20 000, 50 000 і 100 000 рублёў.

Цягам 2000 г. адбывалася паралельнае хаджэнне купюраў старога і новага ўзору. 30 снежня 2003 г. тэрмін абмену старых грошай скончыўся.

12 сакавіка 2012 г. Нацбанк увёў у абарачэнне новую самую буйную купюру наміналам 200 000 беларускіх рублёў, што складае каля 25 долараў ЗША паводле цяперашняга курсу.

belsat.eu

Стужка навінаў