Партыя БНФ плануе вылучыць 30–40 кандыдатаў


На вераснёўскіх парламенцкіх выбарах Партыя БНФ мае намер вылучыць 30–40 кандыдатаў у дэпутаты. Такая заява прагучала на паседжанні сойму партыі 29 красавіка ў Менску. Пры гэтым партыя пакідае за сабою права зняць іх за некалькі дзён да галасавання. «Калі да пачатку датэрміновага галасавання ў краіне застануцца палітзняволеныя і калі ўсе нашыя прадстаўнікі не будуць уключаныя ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, мы знімем сваіх кандыдатаў з выбараў», – заявіў раней старшыня Парты БНФ Аляксей Янукевіч.

26 чалавек ужо далі персанальную згоду на вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты, яшчэ 12 асобаў пакуль разважаюць. У ліку тых, хто прэтэндуе на дэпутацкі мандат, старшыня партыі Аляксей Янукевіч і ягоны намеснік Рыгор Кастусёў, экс-кандыдат на прэзідэнта на выбарах 2010 г. Паводле Кастусёва, працэс рыхтавання да ўдзелу ў выбарчай кампаніі ўжо ідзе: створаны выбарчы штаб, распрацоўваюцца ўлёткі партыйных кандыдатаў, плануецца рыхтаванне кандыдатаў да выступу на тэлебачанні.

Янукевіч паведаміў, што на наступным тыдні адбудуцца кансультацыі «кааліцыі шасці», у якую акрамя Партыі БНФ уваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», рух «За Свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду!». На сустрэчы будзе абмяркоўвацца ў тым ліку распрацоўванне адзінага паслання дэмакратычных сілаў на парламенцкіх выбарах.

«На адзінае пасланне будзе выйсці вельмі складана, бо існуюць розныя падыходы да ўдзелу ў выбарчай кампаніі: ад байкоту да ўдзелу ў выбарах да канца. Аднак некаторыя моманты, якія тычацца, напрыклад, ацэнкі выбарчага працэсу, можна было б узгадніць», – мяркуе Янукевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў