Прэзідэнт МФХ – супраць пазбаўлення Беларусі права на чэмпіянат свету


Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэль (René Fasel) негатыўна паставіўся да просьбы нямецкіх парламентарыяў пазбавіць Беларусь чэмпіянату свету 2014 года.

Як паведамляе газета “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, дэпутаты бундэстагу ад фракцыі Свабоднай дэмакратычнай партыі (уваходзіць у кіроўную кааліцыю разам з хрысціянскімі дэмакратамі) атрымалі адказ ад Фазэля, у якім гаворыцца, што “дыскрымінацыя чальца федэрацыі, клубу ці асобы на палітычных, расавых або рэлігійных падставах забараняецца”. Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі спаслаўся пры гэтым на “фундаментальныя прынцыпы” Міжнароднага алімпійскага камітэту і звярнуў увагу парламентарыяў на палітычны нейтралітэт віду спорту.

Паводле інфармацыі газеты, дэпутаты ў сваім лісце папярэдзілі Фазэля пра небяспеку выкарыстання чэмпіянату свету “брутальным беларускім дыктатарам Лукашэнкам” і “падрабязна апісалі ягоную дэспатыю ў краіне”.

У адказ на шматлікія заклікі міжнародных арганізацыяў і палітыкаў перанесці ЧС-2014 у сувязі з наяўнасцю ў Беларусі палітзняволеных Фазэль неаднаразова заяўляў, што першынство пройдзе ў Менску. “Мы застаемся ўбаку ад палітычных дыскусіяў”, – сказаў, у прыватнасці, прэзідэнт МФХ сёлета ў студзені.

Аднак нявыключана, што на травеньскім кангрэсе у Фінляндыі пытанне пра ЧС-2014 будзе разглядацца.

belsat.eu

Стужка навінаў