Алесь Лагвінец: Сапраўдныя інтарэсы Беларусі – у Еўропе


Завершыўся афіцыйны візіт у Беларусь кіраўніка Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедава. Аляксандр Лукашэнка назваў Туркменістан “сапраўдным стратэгічным партнёрам”, незалежныя палітолагі звяртаюць увагу на штучна створаны ажыятаж вакол візіту азіяцкага дыктатара.

Сярод дакументаў, падпісаных падчас візіту кіраўніка Туркменістану, – супольнае беларуска-туркменскае камюніке і пагадненне аб гандлёва-эканамічнай супрацы ў галіне экспарту беларускай сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі. Аднак паводле палітолагаў, галоўныя дывідэнды ад візіту – выключна палітычныя. “Краіна – у ізаляцыі. Лукашэнка – кіраўнік, якога не прынята наведваць, ён вельмі неадназначная ды эксцэнтрычная асоба, таму і кола ягоных сяброў абмежаванае, – гаворыць палітолаг Алесь Лагвінец. – Сумна, што адбываецца такі ажыятаж у сувязі з прыбыццём кіраўніка адной краіны. У нармальных краінах візіты высокіх замежных гасцей – звычайная з’ява”.

“Супраца з дыктатарамі з Сярэдняй Азіі для Лукашэнкі важна ідэалагічна і, можа быць, крышку эканамічна. Аднак я мяркую, што асноўныя інтарэсы ляжаць у Еўропе. Такія кантакты, можа быць, калісьці б і былі патрэбныя, але гэта кантакты “з трэцяга шэрагу”. Краіна сама сябе адрэзала ад асноўных партнёраў”, – дадаў палітолаг.

Падобную карысць візіт у Беларусь можа мець і для Гурбангулы Бердымухамедава. Сёлета ў Туркменістане адбыліся прэзідэнцкія выбары, да ўдзелу ў якіх нечакана дапусцілі апазіцыйных кандыдатаў. Аднак сам выбарчы працэс пераўтварыўся ў фарс, у выніку якога Гурбангулы Бердымухамедаў, пазашлюбны сын папярэдняга пажыццёвага кіраўніка краіны Сапармурата Ніязава, набраў 97,14 % галасоў. Дзеля прэстыжу Гурбангулы Бердымухамедава важна паказаць, што яго прымаюць на найвышэйшым узроўні ў іншых краінах.

belsat.eu

Стужка навінаў