Улады абяцаюць адзін матэль на кожныя 40 км


Беларусь упарта працягвае рыхтавацца да Чэмпіянату свету па хакеі. Цяпер узяліся за прыдарожны сэрвіс. Яго хочуць наблізіць да еўрапейскіх стандартаў.

Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра гандлю Аляксандр Забэла. Па прыкладзе Еўропы ў Беларусі мусіць з’явіцца на кожныя 40 км аўтатрассы не менш за адзін аб’ект прыдарожнага сэрвіса з АЗС, аўтасэрвісам, стаянкаю, крамаю, кавярняю, санітарнымі пакоямі і матэлем. Чыноўнік прызнаў, што пакуль наша краіна значна саступае па гэтых паказніках Украіне і Расеі, не кажучы пра Еўропу. Тыповы беларускі аб’ект прыдарожнага сэрвіса – гэта АЗС і гандлёвая кропка.

Сёння ў Беларусі – 400 аб’ектаў прыдарожнага сэрвіса, да канца года маюць запрацаваць яшчэ 50. Сярэднестатыстычны паказнік выглядае задавальняючым, але вадзіцелі і пасажыры скардзяцца на якасць сэрвісу.

“Прыдарожнага сэрвіса ў Беларусі амаль не існуе, – лічыць кіраўнік ТАА “Светлагорскія перавозкі” Алена Ляшэнка. – На адрэзку аўтатрасы Светлагорск-Менск ёсць толькі адно прыдарожнае кафэ. Абслугоўванне – на нізкім узроўні, там часта прадаюць сапсаваную ежу”.

Бізнэс-ледзі падкрэслівае, што каб стварыць камфортныя ўмовы для пасажыраў, яе прадпрыемства спрабавала заключыць дамову з гэтай кавярняю, але ўладальнікі не захацелі. “Пасажыры ранішніх рэйсаў не паспяваюць снедаць, бяруць з сабой ежу з дому. Мы вырашылі рабіць для іх гарбату за кошт кампаніі, але на стадыі падпісання дамовы наша ініцыятыва завісла,” – расказвае Алена Ляшэнка.

Пры гэтым, па словах намесніка міністра, у Беларусі створаны прэферэнцыі для юрыдычных і фізічных асобаў, якія інвестуюць у развіццё прыдарожнай інфраструктуры. Улады плануюць прыцягнуць у буйнога сеткавага аператара з Еўропы.

belsat.eu

Стужка навінаў