Алесь Бяляцкі ўпакоўвае швейныя вырабы


Праваабаронцу першы раз дазволілі патэлефанаваць жонцы з калоніі.

Беларускі праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску працуе ўпакоўнікам швейных вырабаў. Пра гэта БелаПАНу паведаміла ягоная жонка Наталля Пінчук.

Наталля Пінчук распавяла, што Бяляцкі патэлефанаваў увечары 27 красавіка з папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску. “Гэта быў першы тэлефонны званок з калоніі. Я пачула, што ён у нос гаворыць, спытала пра здароўе. На гэта ён сказаў, што пачуваецца нармальна, але ёсць астаткавыя з’явы прастуды. Але пераважна ўсё нармальна”, – сказала Пінчук.

Размова працягвалася каля пяці хвілінаў. У гутарцы Бяляцкі пацвердзіў, што будзе абскарджваць новы пазоў да яго з боку падатковай інспекцыі. “Голас быў бадзёры, ён трымаецца”, – зазначыла Пінчук.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага 24 лістапада прысудзілі да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы ды Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе.

belsat.eu

Стужка навінаў