Валер Карбалевіч: больш небяспечны для Лукашэнкі – вонкавы чыннік


Палітолаг Валер Карбалевіч адзначае, што адна з асаблівасцяў сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў – няпростая сітуацыя паміж афіцыйнымі Менскам і Масквою. Гэта паўплывала і на выбар дня галасавання.

“Напярэдадні новага года чакаюцца вельмі цяжкія перамовы з Расеяй што да ўмоваў паставак энергарэсурсаў, – кажа Валер Карбалевіч. – Гэтаму будзе спадарожнічаць інфармацыйная вайна, і ўсё гэта – не найлепшы фон для правядзення выбараў”. Паводле эксперта, у выпадку перамогі Аляксандра Лукашэнкі на выбарах з’явіцца новы аргумент у спрэчках з Крамлём, у тым ліку ў пытаннях продажу энерганосьбітаў. “Гэта дазволіць Лукашэнку больш упэўнена весці перамовы, маўляў, не атрымалася ў вас нічога, я ізноў прэзідэнт, і вам давядзецца мець справу са мною”, – адзначае Валер Карбалевіч.

Што да шанцаў беларускай дэмакратычнай апазіцыі перамагчы, то, як мяркуе палітолаг, яны невялікія. “Гледзячы з усяго, апазіцыя не ставіць падчас гэтых выбараў задачы заваявання ўлады, – кажа Валер Карбалевіч. – Што да магчымых пратэстаў, яны могуць адбыцца толькі пры ўмове моцнага правядзення выбарчай кампаніі. Калі выбарчая кампанія будзе слабаю, то наўрад ці шмат людзей выйдзе на пратэсты”. Валер Карбалевіч лічыць, што разлік на пратэсты не мае сур’ёзных падставаў. “Атрымоўваецца так, што больш небяспечны для Лукашэнкі менавіта вонкавы чыннік”, – падкрэсліў палітолаг.

Belsat.eu
14.09.2010

Стужка навінаў