8 млн аўстралійскіх долараў кампенсацыі за атручаную ежу


Сетка рэстаранаў хуткага харчавання «KFC» выплаціць 8 млн аўстралійскіх долараў ($ 8,3 млн долараў ЗША) кампенсацыі сям’і аўстралійскай дзяўчынкі, якая зрабілася інвалідам з прычыны няякаснай стравы ў рэстаране.

У 2005 г. Моніка Самаан (сем гадоў), яе бацькі і брат былі шпіталізаваныя з атручваннем сальманэляй. Як апынулася, прычынаю атручвання сталася адна з курыных справаў у рэстарацыі «KFC». Найбольш пацярпела дзяўчынка – у яе быў пашкоджаны галаўны мозг і яна цяпер перасоўваецца ў інвалідным вазку.

На мінулым тыдні суддзя Вярхоўнага суда Аўстраліі вынес рашэнне на карысць сям’і. «Гэта была грандыёзная бітва, але на цяперашнім этапе мы ўстрымаемся ад каментароў», – заявіў журналістам адвакат сям’і Джордж Вляхакіс. Аўстралійскія медыі паведамляюць, што сям’я дзяўчынкі апынулася на мяжы беднасці, бо ўсе сродкі апошнімі гадамі давялося выдаць на лячэнне ды адвакацкую дапамогу.

Прадстаўнік «KFC» заяўляе, што гэта быў трагічны збег абставінаў, аднак ён «глыбока расчараваны і здзіўлены» з рашэння суда ды будзе яго абскарджваць.

belsat.eu
https://youtu.be/v5P-9pkfHKU

Глядзі таксама
Каментары