«Мы такога не бачылі ў Расеі»


Грамадзяне Расеі, затрыманыя пасля ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляху», пакінулі Беларусь. Пра гэта паведаміў лідар моладзевай арганізацыі партыі «Яблоко» Кірыл Ганчароў.

Восем актывістаў з Расеі затрымалі 26 красавіка, калі яны сыходзілі з плошчы Бангалор. «Мы такога не бачылі ў Расеі. Нас затрымлівалі людзі ў цывільным, што выскачылі з мікрааўтобуса без нумароў. Яны не назваліся, не казалі, куды нас вязуць, нічога нам не паведамілі. І толькі калі нас даставілі ў УУС Цэнтральнага раёну, мы зразумелі, што мы ў міліцыі. Агулам усё гэта было падобнае на выкраданне», – гаворыць Кірыл Ганчароў.

У пастарунку ў актывістаў спраўдзілі дакументы і адпусцілі. Ганчароў дадаў, што пячатак пра тое, што яны не ўязныя ў Беларусь, ім не паставілі. «Аднак у УУС нас папярэдзілі, што за намі будзе ўсталяваны кантроль: ці перасякаем мы мяжу Расеі ды Беларусі, ці мы застаемся ў Беларусі ды гэтак далей», – зазначыў маладзён.

На думку Ганчарова, гэта не спыніць актывістаў. «Нашае затрыманне, наадварот, будзе служыць стымулам для таго, каб прыязджаць у Беларусь. Бо Расея пры Пуціне цяпер скачваецца ў беларускую сітуацыю. І нашая салідарнасць з братэрскім народам, і нашыя затрыманні пакажуць і Расеі, ува што яна можа ператварыцца», – заявіў Кірыл Ганчароў.

belsat.eu

Стужка навінаў