ЦВК выдае падручнік па выбарах з малюнкамі


«Спосаб падавання матэрыялу, як для дурня», – растлумачыла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Практычныя дапаможнікі для акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў, якія сёлета будуць працаваць на парламенцкіх выбарах, зацвердзілі на паседжанні ЦВК 26 красавіка.

Як паведаміла чалец ЦВК Надзея Кісялёва, дапаможнік для акруговых камісіяў складаўся такім чынам, каб ён быў «зразумелы не толькі арганізатарам выбараў, але і іх удзельнікам». «Вельмі спадзяемся, што дапаможнік будзе спрыяць павышэнню прававой культуры ўсіх удзельнікаў выбарчай кампаніі, а таксама зніжэнню прававых спрэчак падчас выбараў», – падкрэсліла яна.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што гэтым разам спосаб падавання матэрыялу пазычылі ў малдаўскіх калегаў з улікам беларускага заканадаўства. Яна падкрэсліла, што дапаможнікі ўпершыню зрабілі з малюнкамі: «Гэта вялікі крок наперад. Спадзяюся, мастацкае афармленне выкліча большае жаданне іх прачытаць, больш уважліва паставіцца да зместу».

«Вядома, пры рыхтаванні дапаможнікаў ужыты выключна дзелавы дызайн, – сказала Ярмошына журналістам. – Там няма нічога такога, што выклікала б уражанне, што гэта забаўляльная літаратура. Чаму мы вырашылі разнастаіць? Ды таму, што нават самыя сур’ёзныя рэчы могуць быць пададзеныя з гумарам і досыць забаўна. Каб нашая літаратура, нашыя навучальныя матэрыялы не былі сумныя. А калі яны не будуць сумныя і зацікавяць тых, хто імі карыстаецца, мы спадзяемся, што яны будуць і сапраўды ўжывацца. <…> Мы хочам, каб людзям, якія будуць працаваць у выбарчай кампаніі, а гэта грамадскія дзеячы, якія атрымліваюць вельмі невялікія грошы за сваю працу, праца прыносіла і творчае задавальненне».

belsat.eu
https://youtu.be/JRV0iyX6xno

Глядзі таксама
Каментары