Вінаградаў «лаяўся матам», калі ішоў у міліцыю


Адному з лідараў моладзевай арганізацыі кампаніі “Гавары праўду!” Паўлу Вінаградаву прысудзілі пяць содняў адміністрацыйнага арышту.

26 красавіка суд Савецкага раёну Менска прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве. Напярэдадні пачаўся тэрмін, калі за Вінаградавым усталявалі прэвентыўны нагляд.

“Учора Павел наведаў УУС Маскоўскага раёну Менску, каб стаць на ўлік на прэвентыўны нагляд. За ім прыехалі працаўнікі міліцыі з Савецкага раёну, каб пагаварыць пра датычнасць або недатычнасць да нейкіх акцыяў 24 красавіка. Аднак, паводле міліцыі, Павел на шляху ад машыны да дзвярэй УУС Савецкага раёну нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі ды гэтак далей. Суд у гэтую недарэчнасць паверыў”, – паведаміла ягоная жонка Святлана Вінаградава.

Згодна з правіламі, ён мусіць не выходзіць з дому ад 8-й гадзіны вечара да 7-й раніцы, яму забаронена выязджаць з гораду без дазволу міліцыі.

Міліцыя матывуе гэта тым, што Вінаградаў працягвае дачыняцца з пакаранымі судом асобамі, што ён не працаўладкаваўся і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Актывіста моладзевага крыла “Гавары праўду!” некалькі разоў затрымлівала міліцыя нібыта за брыдкаслоўе. Усяго з пачатку года ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна 25 содняў.

Павел Вінаградаў быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г. Суд прысудзіў яго да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 14 верасня 2011 года актывіста вызвалілі на падставе ўказу прэзідэнта аб памілаванні, хоць прашэння на імя Аляксандра Лукашэнкі ён не падаваў.

belsat.eu

Стужка навінаў