«Чарнобыльскі шлях–2012»


У Менску прайшла традыцыйна акцыя прысвечаная 26 угодкам трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёлета яна прайшла пад лозунгам “не Астравецкай АЭС”. У акцыі ўзялі ўдзел ад 1.5 да 2 тысяч чалавек.



20:53

Дзяніс Садоўскі абвесціў заканчэнне мітынгу і прапанаваў удзельнікам ісці разам з палітыкамі да Чарнобыльскай капліцы, каб ускласці кветкі і запаліць знічкі.



20:42

Маладафронтаўцы запускаюць у неба белыя ліхтарыкі. Міліцыя просіць арганізатараў скончыць мітынг. Прамоўцы ад палітычных партыяў, моладзевых арганізацыяў і грамадскіх ініцыятываў падкрэслілі актуальнасць праблемы Чарнобылю і ўзгадалі пра неабходнасць вызваліць усіх палітвязняў.

Эколаг Таццяна Новікава падзякавала тым, хто сабраўся. Паводле яе, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў і досыць доўгі шлях ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў, на мітынг прыйшло шмат людзей. Новікава паведаміла пра канфіскацыю міліцыяй гукаўзмацняльнай апаратуры. Гэтак улады прадэманстравалі сваё стаўленне да праблемаў, звязаных з чарнобыльскаю трагедыяй, лічыць яна. “Улады не хочуць даць нам магчымасць сказаць пра чарнобыльскія праблемы, але схаваць факты цяпер нашмат складаней, чым было адразу пасля аварыі. Наступствы аварыі вельмі цяжкія. Да іх пераадолення яшчэ далёка”, – заявіла эколаг. Новікава зазначыла, што ўдзельнікі мітынгу сабраліся, каб сказаць “не” будаўніцтву ў Беларусі Астравецкай АЭС, якая таксама можа забраць “сотні тысяч жыццяў беларусаў”.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што сёння – дзень не толькі памяці ахвяраў чарнобыльскай катастрофы, але і дзень, калі беларусы мусяць не дапусціць гандлю нацыянальнымі інтарэсамі. “Чарнобыль – гэта вынік таго, што Беларусь не мела нацыянальнай улады. Будаўніцтва АЭС не толькі небяспека для здароўя і жыцця беларусаў, але і чарговая страта нацыянальных інтарэсаў, бо АЭС будуецца паводле расейскай тэхналогіі”, – зазначыў Янукевіч. На ягоную думку, будаўніцтва АЭС не паменшыць, а павялічыць энергетычную залежнасць ад Расеі.

У сваю чаргу лідарка аб’яднання “Маладыя хрысціянскія дэмакраты” Марына Хоміч падкрэсліла: у беларусаў скралі права на прыняцце рашэнняў. “Без нас будуецца АЭС, праходзяць выбары і прымаюцца іншыя рашэнні”, – сказала Хоміч. Яна заклікала далучацца да пратэсту супраць будаўніцтва АЭС і актыўнага байкоту парламенцкіх выбараў.



20:25

Як паведаміла “Белсату” праваабаронца Наста Лойка, міліцыянты запоўнілі затрыманымі два мікрааўтобусы каля Макдональдсу. Праваабаронцы пакуль не ўпэўненыя, ці гэта былі ўдзельнікі акцыі. “Белапан” цвердзіць, што гэта былі актывісты расейскага “Яблока”.

20:08

Гукаўзмацняльная апаратура, якую арганізатары “Чарнобыльскага шляху” арандавалі ў індывідуальнага прадпрымальніка для правядзення мітынгу ў парку Дружбы народаў, затрыманая. Як паведаміла адна з заяўнікаў акцыі, прадстаўніца грамадскага аб’яднання “Экадом” Таццяна Новікава, дамову на арэнду апаратуры падпісалі з ІП на падставе рашэння Менскага гарвыканкаму, які дазволіў правядзенне шэсця і мітынгу. Больш за тое, адзначыла Новікава, на мінулым тыдні, сустракаючыся з арганізатарамі шляху, намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў запэўніў, што праблемаў з апаратураю не будзе, калі ўсе дакументы на яе будуць аформленыя належным чынам. Аднак за некалькі хвілінаў да пачатку мітынгу апаратуру ўсё ж забрала міліцыя і завезла ў РАУС Савецкага раёну. Як растлумачылі працаўнікі міліцыі, яны маюць намер праверыць як дакументы, гэтак і прылады. Таццяна Новікава падкрэсліла, што ніхто не папярэджваў арганізатараў пра тое, што будзе праводзіцца правяранне. Такім чынам, канстатавала яна, паўтарылася сітуацыя, якая мела месца на Дзень Волі, калі ў апошні момант перад пачаткам мітынгу ў арганізатараў канфіскавалі гукаўзмацняльную апаратуру.



20:04


Удзельнікі акцыі дайшлі да ўваходу ў парк Дружбы народаў. Міліцыя прапускае людзей.

19:51

Калі хвост калоны праходзіў каля ўніверсаму “Рыга”, невядомы малады чалавек залез на парапет, што раздзяляе стаянку каля крамы ад праезнай часткі, і вырваў з рук у аднаго з удзельнікаў сцяг колеру вясёлкі, пад якім ідуць актывісты ЛГБТ-руху. Малады чалавек выкінуў сцяг у сметніцу каля гандлёвага цэнтру. Працаўнікі ў цывільным, якія суправаджаюць калону, не перашкаджалі яму і дазволілі сысці.



19:25

Моладзевае крыло расейскага “Яблока” таксама ўдзельнічае ў акцыі. Як падзяліўся з “Белсатам” адзін з актывістаў, “Чарнобыль – гэта агульны боль, і мы тут, каб падтрымаць вас”.



19:06

На шэсці прысутнічае прафесар Георгій Лепін. “У друку ўсё, звязанае з Чарнобылем, з’яўляецца вельмі зрэдку і вельмі асцярожна. Выйшла вельмі шмат кніг, але ў іх збольшага аўтары намагаюцца падкрэсліць сваю ролю ў тых падзеях. Улады кажуць, што гэта было даўно і пагрозы няма, і будуюць новую АЭС. Але мы збіраемся тут, каб паказаць, што разумеем радыяцыйную пагрозу”, – сказаў прафесар у інтэрвію “Белсату”.



18:51


Да шэсця далучаюцца людзі ў цывільным і прадстаўнікі сексуальных меншасцяў.

18:43

Калона ўдзельнікаў скандуе “Свабоду Дашкевічу”, “Свабоду Бяляцкаму” і “Свабоду Аўтуховічу”. Да шэсця далучаюцца людзі – цяпер каля 1,5 тыс. удзельнікаў.

18:30

Каля тысячы ўдзельнікаў рушылі шэсцем. Людзі гукаюць “Жыве Беларусь” і “Не” АЭС у Беларусі”. На чале калоны ідуць Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч з абразам Маці Божай чарнобыльскай.

18:27

Як паведаміў Юрый Хадыка, адзін з арганізатараў акцыі, не ўдалося дамовіцца наконт гукаўзмацняльнай апаратуры. Беларускі радыётэлевізійны цэнтр запатрабаваў 20 мільёнаў за паслугі.

На акцыю прыйшлі таксама сябры “Маладога фронту” з рэспіратарамі ды хусткамі на тварах.

18:20

Людзей усцяж менш за тысячу. Нагадаем, што арганізатары спадзяваліся падобнай кольскасці, як на сёлетнім Дні волі – 3-5 тысяч чалавек. Прынеслі чарнобыльскі звон. Прысутныя чакаюць пачатку шэсця.

18:11

Перад будынкам Акадэміі навук каля 500 чалавек. Шмат хто не заходзіць за агароджу. Нацыянальных сцягоў менш за астатнія – збольшага сімволіка “Гавары праўду!”, БХД і расейскага “Яблоко”.

18:00

На пляцоўцы некалькі дзясяткаў чалавек. Кожнага, хто праходзіць, здымаюць на відэа. Узнятыя два бел-чырвона-белыя сцягі.

17:50

У Берасці затрымалі актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” Марата Несцярэнку і Аляксандра Ахмача.

Як паспеў паведаміць Несцярэнка, іх затрымалі прыкладна а 14:50 на вуліцы 17 верасня: “Да нас падышоў працаўнік міліцыі ды заявіў: “Вы затрыманыя, бо расклейвалі ўлёткі”. Нас прывялі ў размешчаны недалёка ад гэтага месца будынак суда Берасцейскага раёну. Затым даставілі ў Ленінскае РАУС Берасця”.

Паводле актывіста, у іх канфіскавалі ўлёткі “Ад Астраўца да Чарнобылю – адзін крок”, прысвечаныя 26-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

“У раённым аддзеле ўнутраных справаў сказалі, што нас даставілі для дачы тлумачэнняў. Нас апыталі. На 16:20 мы яшчэ ў міліцыі”, – сказаў Несцярэнка.



17:30


На месцы збору ўдзельнікаў акцыі, каля Нацыянальнай Акадэміі навук, – некалькі дзясяткаў людзей у цывільным. На ўдзельнікаў чакае таксама транспарт – 6 машынаў без нумарных знакаў з танаваным шклом і машына з гукаўзмацняльнаю тэхнікаю. Міліцыянты агароджваюць пляцоўку.

***

Каб апынуцца ў цэнтры падзеяў, сачыце за відэа на нашай старонцы. Карэспандэнты тэлеканалу будуць асвятляць акцыю ў рэжыме он-лайн.

Сёлета Менгарвыканкам дазволіў «Чарнобыльскі шлях» практычна ў поўным аб’ёме. Арганізатары прасілі дазволіць шэсце з 18:30 да 19:30 ад будынку Прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук па вул. Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе яны збіраюцца правесці гадзінны жалобны мітынг. Скончыць акцыю плануецца ўскладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы каля царквы ў гонар абразу Божай Маці «Спатоленне загінулых» непадалёк парку.

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху–2012» заяўлялі, што маюць намер правесці яго «пад знакам патрабавання адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС». Акрамя экалагічнай тэмы на акцыі будуць уздымацца і іншыя актуальныя пытанні, галоўнае з якіх – вызваленне палітвязняў. «Усе іншыя арганізацыі, якія будуць прапагандаваць ідэі, не ўзгодненыя з аргкамітэтам, мы будзем расцэньваць як правакацыі», – папярэдзіў адзін з арганізатараў Дзяніс Садоўскі.

Заяўку на правядзенне альтэрнатыўнага «Чарнобыльскага шляху–2012» – велапрабегу – падавалі прадстаўнікі Беларускай партыі «Зялёныя». Яны заявілі, што расчараваліся ў традыцыйным фармаце акцыі. Аднак ім Менгарвыканкам дазволу не даў.

belsat.eu

Стужка навінаў