Леанід Злотнікаў: У бюджэце няма грошай на павышэнне заробкаў


Чыноўнікі абяцаюць бюджэтнікам сур’ёзнае павышэнне заробкаў. Паводле незалежных эканамістаў, гэта можа дорага каштаваць усёй беларускай эканоміцы.

1 траўня заробкі бюджэтнікаў узрастуць на 20 %, а тарыфная стаўка першага разраду павысіцца на 5 %. «Гэта вельмі дзіўна, бо, паводле апошніх афіцыйных звестак, у першыя два месяцы года бюджэт выкананы з дэфіцытам, то бок у бюджэце грошай няма», – заявіў эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Тым часам, паводле ранейшых прагнозаў Міністэрства эканомікі, да канца 2012 г. сярэднямесячны заробак складзе крыху больш за 4 млн руб. Такія параметры закладзеныя ў разліковыя паказнікі сацыяльнай палітыкі, зацверджаныя пастановаю Мінэканомікі № 14 ад 15 лютага 2012 г. «Аб разліковых балансавых паказніках прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2012 год». Паводле прагнозу, у 2012 г. намінальны заробак вырасце на 71,4–72 % і складзе 3,216–3,227 млн руб.

Паводле эксперта, гэта «рызыкоўная сітуацыя». «Сёлета ў дзяржавы бракуе грошай на тое, каб разлічыцца з вонкавымі пазыкамі. Паводле маіх разлікаў, каля 3 млрд долараў павінны невядома адкуль з’явіцца, каб мы разлічыліся з вонкавымі пазыкамі. У гэтай сітуацыі павышэнне заробкаў не можа быць забяспечанае ні ростам ВУП, ні прытокам валюты. Сітуацыя можа быць падобная на тую, што была летась: дэвальвацыя ды інфляцыя», – падкрэслівае Леанід Злотнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў