Нурсултан Назарбаеў: Збудуем аб’яднанне, лепшае за Еўразвяз


«Улічваючы правалы Еўразвязу, мы мусім стварыць лепшае аб’яднанне», – заявіў прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў у інтэрв’ю тэлеканалу «Вести 24» 25 красавіка.

Ён мяркуе, што «лакальная інтэграцыя больш адпавядае інтарэсам людзей». Пры гэтым, падкрэсліў Назарбаеў, «каб нармальна развівацца, сусед мае быць нармальны».

«Нашыя дзяржавы маюць прыкладна роўныя ўмовы і пажаданні эліты. Выгада ад Мытнага саюзу прысутнічае: рост тавараабароту за гэтыя гады склаў 30–40 %. Задача заключаецца ў тым, каб гэтае аб’яднанне не спяшаючыся давесці да розуму – не спяшаючыся, не падганяючы коней», – сказаў Назарбаеў.

Кіраўнік Казахстану нагадаў, што да 2015 г., «калі нашыя дамоўленасці ператворацца ў законы, прастора будзе празрыстая для ўсіх для нас, мы абвесцім пра стварэнне Эканамічнага саюзу».

У лістападзе 2011 г. у Маскве прэзідэнты трох краінаў Аляксандр Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Дзмітрый Мядзведзеў падпісалі дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі – «дарожную мапу» інтэграцыйнага працэсу, канчатковаю мэтай якога абвяшчаецца стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюзу. Такі звяз плануецца стварыць да 1 студзеня 2015 г.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары