Чарнобыльская аварыя: мінула 26 гадоў


26 гадоў таму на Чарнобыльскай АЭС адбылася аварыя. Першы выбух на чацвёртым энергаблоку атамнай станцыі адбыўся а 01:23 ночы. Затым адбыўся другі, узнік пажар. Аварыя на ЧАЭС сталася самаю буйной у гісторыі чалавецтва тэхнагеннаю катастрофаю.

Нягледзячы на тое, што станцыя размешчаная ва Украіне, каля гораду Прыпяць, больш як 70 % радыенуклідаў аселі на тэрыторыі Беларусі. Ад наступстваў аварыі пацярпелі каля 2 млн жыхароў краіны, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. З сельскагаспадарчага абароту выйшлі 2,064 млн квадратных кіламетраў сельгасугоддзяў. Радыенукліды забрудзілі тэрыторыі, на якіх цяпер жывуць больш за 1,4 млн чалавек, размяшчаецца прыкладна чвэрць ляснога фонду краіны і 132 радовішчы мінеральна-сыравінных рэсурсаў розных відаў.

Паводле звестак Белстату, на пачатак 2012 г. у Беларусі ў зоне радыеактыўнага забруджвання былі 2394 населеныя пункты, ці больш за 10 % ад ліку ўсіх населеных пунктаў краіны. У іх жывуць 1,142 млн чалавек (больш як 12 % насельніцтва), у тым ліку 216,9 тыс. дзяцей.

З 1991 г. у Беларусі ажыццяўляюцца дзяржаўныя праграмы для ліквідацыі наступстваў катастрофы. За гэты перыяд на ліквідацыю наступстваў аварыі з бюджэту выдзелілі больш як 19 млрд долараў ЗША. Сродкі накіроўваюцца на выплату льготаў і кампенсацыяў для насельніцтва на пацярпелых тэрыторыях, бясплатнае аздараўленне і харчаванне дзяцей, якія жывуць на забруджанай тэрыторыі, на правядзенне ахоўных дзеянняў у сельскай гаспадарцы, радыяцыйны кантроль, будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага, пабытовага, вытворчага прызначэння.

Некалькі гадоў таму група спецыялістаў пад кіраўніцтвам чальца-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Івана Нікітчанкі, які трагічна загінуў у ДТЗ у лістападзе 2010 г., распрацавала новую канцэпцыю бяспечнага жыцця людзей на постчарнобыльскіх тэрыторыях. Сутнасць канцэпцыі, заснаванай на агульнапрызнаным міжнародным беспарогавым прынцыпе ALARA, зводзіцца да таго, што радыенукліды шкодныя для арганізму ў любой колькасці.

Прафесар Нікітчанка і ягоныя паплечнікі прапаноўвалі ўладам адмовіцца ад дапушчальных узроўняў утрымання радыенуклідаў у харчовых прадуктах, бо цяперашнія нарматывы гарантуюць атрыманне людзьмі дозаў радыяцыі. Нікітчанка нават накіраваў адпаведны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі, але той застаўся без адказу.

З 1988 г. прадстаўнікі апазіцыі штогод праводзяць у Менску «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваны да гадавіны аварыі. Сённяшняя акцыя, санкцыянаваная гарадскімі ўладамі, пачнецца а 18:30. Ад будынку прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук яе ўдзельнікі пройдуць па вул. Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе а 19:30 мае пачацца гадзінны жалобны мітынг. Акцыю плануецца завяршыць ускладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы каля царквы ў гонар абразу Божай Маці «Спатоленне загінулых» непадалёк парку.

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» – прадстаўнікі грамадскасці і апазіцыйных партыяў – заяўлялі, што сёлета маюць намер правесці яго пад знакам патрабавання адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС. Аднак акрамя экалагічнай тэмы на акцыі будуць уздымацца і іншыя актуальныя пытанні, галоўнае з якіх – вызваленне палітвязняў.

belsat.eu

Стужка навінаў