Зінаіда Бандарэнка святкуе Дзень нараджэння


Народнаю артыстку Беларусі, лаўрэатку прэміі “Сябра “Белсату” спадарыню Бандарэнку называюць першаю ды самаю вядомаю тэлезоркаю краіны. Яна і дагэтуль – найлепшы дыктар краіны.

Яшчэ ў школе выкладчыца расейскай літаратуры звярнула ўвагу на ейную добрую дыкцыю і параіла пайсці ў драматычны гурток. Упершыню на тэлебачанне Зінаіда Бандарэнка трапіла ў 20 гадоў – на Гомельскую тэлестудыю. На Беларускім тэлебачанні – з 1962 года, а ўжо ў 1976-м яна стала кіраўніцаю групы дыктараў.

Пасля спадарыня Бандарэнка выкладала на журфаку БДУ тэхніку і культуру мовы. Усё змянілася ў 1998 годзе, калі, як згадвае дыктарка, яна выказала меркаванне адносна таго, што робіцца ў сучаснай Беларусі.

“Калі адбывалася свята 50-годдзя беларускага тэлебачання, мяне ніхто не павіншаваў і не запрасіў. Але я лічу, што гэта ўсё духоўная абмежаванасць сённяшняй сістэмы. Але калі б мяне нават зараз улада запрасіла, то я б не змагла там працаваць. Бо мне было б ужо сорамна”, – патлумачыла спадарыня Бандарэнка ў інтэрв’ю “Белсату”.

Зінаіда Бандарэнка ад самага стварэння “Белсату” супрацоўнічае з нашым каналам, перадаючы свой бясцэнны досвед і веды нашым журналістам.

Інтэрнэт-рэдакцыя тэлеканалу “Белсат” шчыра віншуе спадарыню Зінаіду!

belsat.eu

Стужка навінаў