Анцыпаў: з 1993 года зона адсялення зменшылася на 17 300 га


Пра гэта паведаміў начальнік кіраўніцтва рэабілітацыі пацярпелых тэрыторыяў дэпартаменту дзеля ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Генадзь Анцыпаў 25 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Ён патлумачыў, што на тэрыторыі зоны эвакуацыі або адчужэння і прылеглай да яе часткі зоны адсялення сфармаваны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. “Як вы разумееце, гэта не заказнік, які пасля выканання задачы можа страціць свой статус, – дадаў Анцыпаў. – 216 000 га – гэта зона, назаўсёды закансерваваная ў прыродаахоўных мэтах”.

“Што да астатняй зоны адсялення, жыццё не стаіць на месцы, – расказаў прадстаўнік дэпартаменту. – Кожныя трыццаць гадоў колькасць стронцыю і цэзію памяншаецца ўдвая, а гэта азначае, што стала памяншаецца шчыльнасць забруджання. За гэты час больш як 40 % стронцыю і цэзію распалася, гэта значыць, адбываецца самаачышчэнне. У зоне адсялення новых паселішчаў не з’яўляецца, але з гледзішча ўцягвання ў выкарыстанне земляў – гэты працэс ідзе. Але ён не фарсіруецца – з 1993 года ўвялі ў абарот 17 300 га, тады як вывелі 264 000 га сельгасугоддзяў. Прычым за апошнія два гады мы ўвялі ў сельгасабарот толькі чацвёртую частку з 10 000 абследаваных на гэты прадмет гектараў земляў”.

belsat.eu

Стужка навінаў