Што зменіцца пасля ўзаконьвання спісу невыязных?


У траўні ўступаюць у сілу змены ў закон Рэспублікі Беларусь «Аб органах дзяржаўнай бяспекі», згодна з якімі існаванне неафіцыйнага спісу невыязных апазіцыянераў, праваабаронцаў і незалежных журналістаў набывае прававыя падставы.

Сваё меркаванне адносна гэтага пытання выказвае намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, якому таксама абмежаваны выезд з Беларусі.

Ці будзе спіс пашырацца пасля заканадаўчых зменаў? «Адносна перспектываў сказаць штосьці цяжка, бо сітуацыя ў краіне вельмі няпэўная ў звязку і з дыпламатычным крызісам, і з крызісам у стасунках з Еўразвязам. І сказаць адназначна, у які бок яна будзе схіляцца – у бок пагаршэння ці, можа быць, нейкай стабілізацыі і непавелічэння колькасці рэпрэсаваных, – цяпер сказаць складана», – гаворыць невыязны намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч у інтэрв’ю сайту spring96.org.

Асаблівых праблемаў з выездам праз Маскву ў беларускіх апазіцыянераў не ўзнікала. Калі гэта здарыцца, праваабаронцы будуць аспрэчваць рашэнні ў суседняй краіне. «Тут у нас ёсць дамоўленасці з нашымі калегамі – расейскімі праваабаронцамі і адвакатамі. Калі ўсе прававыя інстанцыі ў Расеі будуць пройдзеныя беспаспяхова, будзем звяртацца ў Еўрапейскі суд. Расея ўваходзіць у Раду Еўропы і ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю правоў чалавека, прызнае кампетэнцыю Страсбургскага суда. І нават калі я не грамадзянін Расейскай Федэрацыі, але Расея парушыла мае правы, гарантаваныя Еўрапейскаю канвенцыяй, то я супраць Расеі маю магчымасць падаваць скаргу ў Страсбург», – тлумачыць Валянцін Стэфановіч.

Ён таксама паведаміў, што паводле Валянціна Гефтэра, які ўваходзіць у Грамадскую раду пры прэзідэнце Расеі, сітуацыя са спісам невыязных даведзеная да ведама прэзідэнта Расеі. Упаўнаважаны ў правах чалавека ў Расеі Уладзімір Лукін ужо некалькі разоў уздымаў гэтае пытанне і абяцаў, што Расея не будзе абмяжоўваць беларусам выезд.

belsat.eu

Стужка навінаў