На Гарадзеншчыне палохаюць “тэрактамі апазіцыі”


Ініцыятыва “Праваабаронцы за свабодныя выбары” паведамляе пра шэраг выпадкаў прымусу прагаласаваць датэрмінова. Пры гэтым выбарнікаў палохаюць тэрактамі ў дзень выбараў.

Гэткі факт прымусу адбыўся ў дзяржаўнай установе “Аблспажыўсаюз” у Горадні. Тут у працоўны час сабралі калектыў, які агітавалі прагаласаваць датэрмінова. Да гэтага заклікалі Дзмітрый Крыжаноўскі, намеснік начальніка, а таксама начальнік аддзелу кадраў Людміла Дзячэнка. Яны палохалі працоўны калектыў тым, што асноўны дзень галасавання – вельмі небяспечны, паколькі дзяржаўныя структуры інфармуюць пра магчымыя тэракты, якія рыхтуе апазіцыя.

Факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні зафіксавалі ў некалькіх раёнах Гарадзенскай вобласці. На Мастоўшчыне непадалёк ад мястэчка Лунна ёсць спецкамендатура, дзе адбываюць пакаранне людзі, асуджаныя да папраўчых працаў. Ужо з раніцы 14 снежня дванаццаць чалавек з іх прывезлі на Лунненскі выбарчы ўчастак дзеля галасавання. Сябра гэтай участковай камісіі ад партыі БСДГ Лявон Карповіч лічыць гэта выключна рашэннем кіраўніцтва спецкамендатуры, бо прадстаўнік камендатуры прысутнічаў асабіста на ўчастку для галасавання.

У Горадні ў першы ж дзень датэрміновага галасавання зафіксавалі факт прыводу на выбарчы ўчастак цэлага ўзводу салдатаў памежнага атраду. Відавочна, што вайсковае кіраўніцтва прымусова накіравала салдатаў тэрміновай службы выканаць свой “грамадзянскі абавязак” – зазначаюць сябры ініцыятывы “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Галасавалі вайскоўцы на ўчастку №113, што размешчаны ў будынку сярэдняй школы №11. З журналістамі камандзір узводу размаўляць адмовіўся.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары