Апытанне: братэрская Расея?


Прадалі “Белтрансгаз”, на чарзе “Белавія”? Як паведаміў сёння міністр транспарту Беларусі Іван Шчэрба, прыватызацыя і продаж адзінай айчыннай авіякампаніі адбудзецца, хутчэй за ўсё, налета. Найбольшую зацікаўленасць да набыцця “Белавіі” выказвае “Аэрафлот”.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў, што яны думаюць наконт продажы беларускіх прадпрыемстваў Расеі.

“У Расеі кіруюць алігархі, а ў алігархаў свае інтарэсы. А галоўнае, што Беларусь не адмовілася ад перамог сацыялізму. У нас яшчэ захоўваюцца ўсе сацыяльныя артыкулы для насельніцтва. І медыцына ў нас працуе, і адукацыя. Алігархі – там капіталізм дзікі прыйшоў, там законы дзеюць зусім іншыя”, – кажа мужчына сталага веку.

“Дый ужо шмат чаго нібыта нашае, а нібыта нянашае. Калі хочам газ патанней, то трэба нечым дзяліцца”, – кажа малады чалавек.

“Ды нічога Расея не цісне, я лічу. Гэта ж здаровая канкурэнцыя, таму нічога такога няма. Гэта стымул для таго, каб і нашыя штосьці рабілі. Нічога дрэннага ў гэтым не бачу”, – кажа жанчына.

“Я пазітыўна стаўлюся да таго, што адбываецца з боку Расеі, хоць я беларуска ў шматлікіх пакаленнях. Проста ў мяне сям’я ўжо настолькі змяшалася, што я не падзяляю Расею і Беларусь. Усякае здараецца. З пераменным поспехам ідуць справы, як кажа наш прэзідэнт. Калі штосьці пагоршылася, то штосьці палепшыцца, то бок так па сінусоідзе”, – кажа жанчына ў гадох.

“Ну гэта дзяльба адбываецца. Хай усё кіраўніцтва вырашае. Расея ўжо даўно палову Беларусі мае, ну і хоча рэшту забраць”, – не пераймаецца мужчына.

“Ну я не ведаю – гэта ж усё, напэўна, палітыка. На ўзроўні палітыкаў і бізнесоўцаў, а я не скажу нічога”, – кажа жанчына.

belsat.eu

Стужка навінаў