Польскае агенцтва друку: амбасадары вернуцца на гэтым тыдні


Еўразвяз верне паслоў у Беларусь на гэтым тыдні, паведаміла Польскае агенцтва друку (ПАП) з Люксембургу са спасылкаю на дыпламатычныя крыніцы.

23 красавіка ў Люксембургу адбылося пасяджэнне Рады міністраў замежных справаў Еўразвязу. Удзельнікі сустрэчы коратка абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Яны віталі вызваленне апазіцыйных палітыкаў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі, аднак падкрэслілі неабходнасць вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных.

Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пасяджэння адзначыў, што вызваленне астатніх палітвязняў неабходнае, каб аднавіць дыялог паміж Еўразвязам і Беларуссю. “Іхнае вызваленне – папярэдняя ўмова для дыялогу з ЕЗ, а выкананне міжнародных стандартаў падчас парламенцкіх выбараў зрабіла б магчымым атрыманне Беларуссю дапамогі ЕЗ дзеля працэсу рэформаў”, – падкрэсліў Сікорскі.

Еўразвяз усё яшчэ не абвесціў пра вяртанне амбасадараў у беларускую сталіцу, але дыпламаты запэўніваюць, што тое адбудзецца на гэтым тыдні, і толькі пазней пра факт паведамяць медыям. Крыніцы паінфармавалі ПАП: “Мы дамовіліся, што на знак салідарнасці першымі ў Менск маюць вярнуцца амбасадар Польшчы і прадстаўнік ЕЗ, бо гэта іх улады Беларусі прасілі выехаць”.

23 красавіка літоўскі міністр замежных справаў Аўдронюс Ажубаліс выказаў засцярогу, што вяртанне паслоў можа быць выкарыстанае Аляксандрам Лукашэнкам з прапагандысцкімі мэтамі, і прапанаваў, каб Еўразвяз усё ж выступіў з афіцыйнаю заяваю аб вяртанні дыпламатаў, паведаміў ПАП удзельнік пасяджэння.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары