Павал Усаў: Вызваленне палітвязняў – праграма-максімум


“Еўразвяз напэўна хацеў бы, каб сітуацыя ў Беларусі выглядала хоць трошачкі гэтак, як у М’янме: калі рэжым ідзе на больш значныя саступкі ў палітычным сэнсе, дапускае апазіцыю ў парламент, і распачынаецца дыялог паміж грамадствам і рэжымам, дзяржаваю ды вонкавым светам. Але, мяркую, такой палітыкі ад беларускага рэжыму ён не дачакаецца”, – заявіў палітолаг Павал Усаў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

“Праграма-максімум на сённяшні дзень для Еўразвязу – гэта вызваленне палітычных вязняў і магчымы пачатак новага туру дыялогу паміж ЕЗ і Беларуссю”, – мяркуе эксперт. Пры гэтым ён падкрэслівае, што Еўразвяз не збіраецца адступаць са сваіх пазіцыяў і патрабаванняў, выстаўленых афіцыйнаму Менску.

Чальцы Рады міністраў замежных справаў Еўразвязу на пасяджэнні 23 красавіка ў Люксембургу падкрэслілі неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Яны таксама віталі вызваленне ўладамі Беларусі экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава і чальца ягонай выбарчай каманды Змітра Бандарэнкі. Тым не менш, паводле беларускіх праваабаронцаў, у месцах пазбаўлення волі застаюцца яшчэ 13 палітвязняў.

На думку Паўла Усава, вяртанне да дачыненняў паміж Менскам і Бруселем, што былі перад прэзідэнцкімі выбарамі, сёння не магчымае. “Еўразвяз больш не верыць у абяцанкі Луашэнкі ды чакае прынамсі вызвалення палітвязняў ды спадзяецца на магчымыя змены ў палітычнай сістэме. Хоць гэтыя спадзяванні – вельмі слабыя”, – падкрэсліў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў