Мар’я Пшэломец: Рычагі ўздзеяння – у руках Захаду


На рэспубліканскім суботніку Аляксандр Лукашэнка клаў цэглу на будоўлі і між справаю выказваўся для дзяржаўных журналістаў: пагражаў палітвязням і запэўніваў Еўразвяз у сваёй моцы.

Кіраўнік краіны катэгарычна адпрэчыў меркаванне, што выхад на волю Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі тлумачыцца ціскам з боку ЕЗ. Паводле яго, былыя палітвязні могуць у любы момант вярнуцца за краты, а амбасадары просяць дазволу на вяртанне ў Беларусь. Тым часам сёння, 23 красавіка, ААН заклікала ўлады Беларусі да дыялогу з апазіцыяй, а Рада міністраў Еўразвязу абмяркоўвала сітуацыю ў нашай краіне.

Паводле журналісткі Мар’і Пшэломец, такія заявы сведчаць пра тое, што Лукашэнка баіцца згубіць твар.
«Ягоная сітуацыя пагаршаецца. Ён увесь час спрабуе знайсці выйсце, але магчымасцяў усё менш. Тое, што ён яшчэ трымаецца толькі дзякуючы падтрыманню Масквы, якая атрымала ад яго практычна ўсё, што хацела. Я маю на ўвазе «Белтрансгаз», цяпер ідзе ціск на працяг прыватызацыі. Калі ж ён штосьці робіць не так, то здараюцца сітуацыі, як з «Белавіяй», – кажа Мар’я Пшэломец.

З іншага боку на беларускага кіраўніка цісне Еўразвяз, які ўжо некалькі разоў быў падмануты Лукашэнкам. Як мяркуе журналістка, гэтым разам ЕЗ будзе трымаць ціск да канчатковага вызвалення ўсіх палітвязняў.

«Цяпер усе рычагі ў руках Захаду. Бо для Лукашэнкі вельмі важна атрымаць дазвол на чэмпіянат свету па хакеі. Вельмі важна не абвастраць далей канфлікту з Захадам, бо адносіны з Расеяй далёка не такія добрыя, як раней. Аднак беларусам ён паказвае твар моцнага кіраўніка, які не пойдзе ні на якія саступкі», – кажа журналістка.

belsat.eu

Стужка навінаў