Лазніца пра канскую прэм’еру: Гэта фільм пра безвыходную сітуацыю


Рэжысёр Сяргей Лазніца распавёў “Белсату” дэталі пра экранізацыю аповесці Васіля Быкава, якую прэзентуе ў Канах. На еўрапейскім фестывалі нумар адзін беларуская стужка “У тумане” пазмагаецца з гангстарскаю драмаю “Крадзеж у казіно” з Брэдам Пітам у галоўнай ролі, а таксама фільмам Ўэса Эндэрсана “Каралеўства поўні”.

Праца Сяргея Лазніцы будзе паказана ў асноўным конкурсе Канскага кінафестывалю. “Дзеянне адбываецца на тэрыторыі акупаванай немцамі Беларусі ў 1942 годзе. Мяне цікавіць гэты час, гэтае месца, гэтыя людзі. Такіх, як герой аповесці Быкава (на мой погляд, незаслужана забытай і недачытанай), амаль не захавалася”, – тлумачыць рэжысёр.
Галоўны герой аповесці ды фільму – пуцявы абходчык Сушчэня, ягоную ролю выканаў беларус Уладзімір Свірскі. Партызаны едуць забіваць абходчыка за супрацу з немцамі. І давесці, што той не калабарант, – немагчыма.

Рэжысёр нарадзіўся ў Баранавічах, куды шмат разоў прыязджаў наведаць бабулю. Потым жыў ва Украіне, Расеі, цяпер – у Нямеччыне. Ён не звязвае сябе з нейкаю канкрэтнаю краінаю. Самае галоўнае – добрыя ўмовы для працы. Ствараць у Менску і Кіеве яму перашкаджае цяжкое паветра. “Нейкі бруд, завісь ёсць, проста фізічна”, – тлумачыць ён.

Манера сучаснага кіно вызначаецца дакументальнасцю. Манументальнае апавяданне патрабуе такіх жа здымкаў. “Камера грунтоўная, – дадае суразмоўца. – На здымках выкарыстоўваліся кран, штатыў, рэйкі, але ёсць у тым ліку і ручная камера”.

Галоўнага героя Лазніца не ацэньвае: “Сітуацыя пазбаўляе яго выбару. Ягонае рашэнне – не выйсце з сітуацыі, а мажлівасць выратаваць сябе. Што стварае такую сітуацыю – вось што мяне цікавіць”. У яе можа трапіць кожны, падкрэслівае рэжысёр, і прызнаецца: калісьці такое давялося перажыць і самому. І тут жа дадае: “Гэта не абавязкова заканчваецца такім выйсцем, якое ёсць у аповесці”.

belsat.eu

Стужка навінаў