Беларускія кнігі выдаюць ва Украіне і ў Расеі. Інтэрв’ю са Змітром Вішнёвым


На якія навінкі варта звярнуць увагу, і якія беларускія кнігі перакладаюцца на іншыя мовы? Сяргей Пеляса паразмаўляў са Змітром Вішнёвым з выдавецтва «Галіяфы».

«Белсат»: Я хачу запытаць вас трошкі аб праблемах. Незалежным выдаўцам даводзіцца выжываць, а выдаванне кніг каштуе немалых грошай. Як цяпер выглядае гэтая справа? Кнігі выдаюцца праз новы трэнд – краўдфандынг, ці інвестуюць самыя аўтары ці замежныя грантадаўцы? Як бы вы апісалі сітуацыю на выдавецкім рынку ў Беларусі?

Зміцер Вішнёў: Сітуацыя няпростая, але яна ўвесь час змяняецца, і мы таксама змяняемся, спадзяюся, у лепшы бок.

Сёння мы заўважаем, што сярод моладзі ёсць такая добрая тэндэнцыя – ёсць мода на беларускую кнігу. Менавіта апошнія некалькі гадоў.

І гэта вельмі файна. Мы выдаем самыя розныя кнігі, хаця «Галіяфы» пачыналі менавіта як выдавецтва, якое выдае такую радыкальную, эксперыментальную, актуальную літаратуру.

Беларускую ці замежныя пераклады?

Пачыналі менавіта беларускую, але мы прыйшлі да таго, што выдаем цяпер самую розную літаратуру – і для дзяцей, і навуковую, і перакладную, і гістарычную.

Мы ў такіх умовах, і каб нам выжываць, трэба выдавецтву з чытачом знаходзіць нейкае паразуменне, таму мы працуем у розных кірунках і спрабуем задаволіць розныя густы.

Але мы працягваем выдаваць і «элітарныя» кнігі, разлічаныя на невялікае кола асобаў, эксперыментальную літаратуру. Тут неўзабаве будзе праходзіць Фестываль інтэлектуальнай літаратуры, які праводзіць культурніцкая ўстанова «Кніжны офіс», там мы будзем прэзентаваць новую кніжную серыю «Светлацені». У гэтай серыі першаю будзе кніга Юркі Лявоннага, нашага паэта, расстралянага ў 1937 годзе. Мы запускаем гэтую серыю, яе рэдагуе Віктар Жыбуль. Гэта да таго, што мы не спыняемся, запускаем нешта новае.

Такая годная справа, як вяртанне імёнаў і твораў літаратараў, знішчаных сталінскаю сістэмай у 1930-ыя гады, – гэта камерцыйны праект, падтрыманне нейкіх спонсараў ці, можа, самых чытачоў? Як гэта выглядае? Ці на гэтым можна зарабіць?

Зарабіць на гэтым цяжка.

Бо жыць жа трэба – выдавецтву і працаўнікам.

Тыраж кнігі будзе ўсяго 200 асобнікаў, таму гэта не камерцыйны тыраж, мы не разлічваем на вялікія продажы.

Як выжываць? У нас ёсць і інтэрнэт-кнігарня, праз якую мы прадаем не толькі кнігі выдавецтва «Галіяфы», але і іншых незалежных выдаўцоў. Акрамя таго, мы запускаем і краўдфандынг, мы шукаем спонсараў і розную падтрымку, у нас ёсць замоўная літаратура. Усё ў сукупнасці і падтрымлівае выдавецтва, бо на нечым канкрэтным выжыць сёння цяжка.

Пытанне трошкі з іншага боку. Нядаўна Беларусь і беларуская літаратура зрабілася славутая на ўвесь свет дзякуючы прэміі Святланы Алексіевіч. Ці змянілася нешта за гэтыя гады? Ці вы заўважаеце нешта, што беларуская літаратура цікавая ў свеце? Прынамсі на прыкладзе Польшчы? Ці палякі цікавяцца беларускаю літаратураю? Якою? А можа, ім цікавыя пераклады беларускіх сучасных аўтараў на іншыя мовы?

Цудоўнае пытанне. Рэч у тым, што акурат мы, канкрэтна выдавецтва «Галіяфы», некалькі гадоў актыўна намагаемся прасоўваць сваіх аўтараў на замежныя прасторы.

Каго менавіта?

Напрыклад, летась мы прадалі аўтарскія правы ва Украіну на дзве кнігі – на дзіцячую кнігу Надзеі Ясмінскай «Сем ружаў» і на раман Валерыя Гапеева «Ноч цмока». Гэтыя кнігі і ў Беларусі разышліся – іх ужо няма.

Цікава, што ўкраінцы зацікавіліся беларускаю літаратураю. Нечакана. Пад канец нашай размовы я хачу запытаць пра дзіцячыя кнігі. Я заўважыў, што апошнімі гадамі вельмі актыўна выдаюць шведскую літаратуру, дзеці гэта любяць, гэта міжнародны поспех. Як на гэтым фоне ўдаецца беларускім аўтарам прабівацца да чытача з дзіцячымі кніжкамі па-беларуску?

Кніга «Дзве авечкі» Волькі Гапеевай – гэта ўжо не першая кніга для дзяцей. Першая ейная кніга «Сумны суп» атрымала прэмію як найлепшая кніга года. Гэтую кнігу між іншым пераклалі і ў Расеі, на расейскую мову. Вольгу Гапееву любяць, шануюць, чытаюць. Мы запусцілі новую кнігу – і яна вельмі запатрабаваная. Вольгу Гапееву шмат хто ведае як цудоўную перакладчыцу і паэтку. Паводле версіі радыё «Свабода», ейная кніга «Граматыка снегу» сталася найлепшаю. Такім чынам, мы шукаем падыход да чытача праз самыя розныя кнігі.

А кніга «Летняя азбука»?

Ганна Галавіна – аўтарка, не пачатковец, яна друкавалася яшчэ з часу «Першацвету», быў такі часопіс. Выдала кнігу «Яблык Зямля» цудоўнай паэзіі ды раптам пачала пісаць для дзетак. Рэдактар гэтай кнігі – Віктар Жыбуль, таму я магу сказаць, што калі такі моцны рэдактар, то паэзія праз такі фільтр праходзіла, бо Віктар не прапускае кепскай паэзіі. Я думаю, што такія яскравыя малюнкі дзецям – тое, што трэба.

Часта здараецца, што ў беларускай дзіцячай кнізе праблема з малюнкамі, а тут вельмі файныя малюнкі. Зычу поспехаў і спадзяюся, што беларускія кнігі будуць толькі развівацца, больш выдавацца і знаходзіць сваіх чытачоў.

Поўную версію інтэрв’ю глядзіце вышэй. Яго паказалі ў праграме «ПраСвет» з Алінаю Коўшык.

Стужка навінаў