Што насамрэч адбылося ў гомельскай краме?


На пытанне, ці не пацярпела яна ад выбуху, прадавец засмяялася.

Крама “Вёсны”, размешчаная каля чыгуначнага вакзалу Гомелю, працуе ў звычайным рэжыме. Вонкавых пашкоджанняў у гандлёвым пункце побач з касаю, дзе адбыўся нейкі выбух, не заўважана.

Паводле звестак прэс-групы УКДБ па Гомельскай вобласці, у краме 19 красавіка спрацавала невядомая прылада. Беларускія тэлеканалы паведамлялі, што пры выбуху пацярпела прадавец Кацярына Гуменнікава.

23 красавіка яна працавала, але даваць нейкія каментары журналістам адмовілася, спаслаўшыся на тое, што дала падпіску аб невыдаванні. На пытанне, як яна пацярпела, прадавец засмяялася, і адказала, што “нічога я не пацярпела”. Праз дзесяць хвілінаў пасля прыходу ў краму журналістаў сюды ж з’явіліся нейкія людзі ў цывільным, якія назваліся аператыўнымі працаўнікамі праваахоўных органаў. Яны прапанавалі прадаўцу закрыць аддзел, а журналістам – пакінуць памяшканне і “не перашкаджаць следчым дзеянням”. Следчыя дзеянні працягваліся каля дзесяці хвілінаў і складаліся з прагляду прадаўцом нейкіх малюнкаў на маніторы ноўтбука, затым аператыўнікі сышлі. Аддзел застаўся закрыты.

Прадавец другога аддзелу крамы Лідзія Злобіна патлумачыла журналістам, што 19 красавіка яна абслугоўвала пакупнікоў і пачула нягучны воплеск каля касы іншага аддзелу. “Ён быў нягучны, як ад петарды, пайшоў дым. Ніхто не крычаў, ніхто не спалохаўся, потым прыехалі МНС, міліцыя, ачапілі краму”, – сказала яна.

За дзесяць-пятнаццаць метраў ад крамы размешчаны кветкавы міні-рынак. Паводле прадаўцоў, якія таксама працавалі тут 19 красавіка, яны наагул нічога не чулі ды не бачылі. “Ніякай панікі не было тут, нічога не чулі – ні выбухаў, ні агню з дымам не бачылі. Каля абеду пад’ехала да крамы пажарная машына, хвілінаў праз дваццаць яна з’ехала, потым прыехалі міліцыя і яшчэ нехта, ачапілі краму. Мы спыталіся, што адбылося, але нам не адказалі”, – сказала адна з прадаўцоў кветак. Яна сцвярджае, што ні яе саму, ні калегаў ніхто не распытваў.

“Крымінальная справа паводле прыкметаў злачынства, склад якога прадугледжаны ч. 1 арт. 290 КК (пагроза актам тэрарызму) распачатая ўпраўленнем КДБ Беларусі ў Гомельскай вобласці. Падставаю для завядзення крымінальнай справы стаў факт прывядзення ў дзеянне 19 красавіка 2012 г. а 13.58 самаробнай прылады дзеля ажыццяўлення дзеянняў тэрарыстычнай накіраванасці ў гандлёвай зале адной з крамаў у цэнтральнай частцы Гомлю”, – паведамляецца ў распаўсюджаным 22 красавіка прэс-рэлізе УКДБ.

Паводле інфармацыі прэс-групы, аператыўныя звесткі, а таксама элементы самаробнай прылады, іншыя прыкметы былі падставаю, каб адпрацоўваць версію аб “разборках” паміж арганізатарамі каналаў нелегальнай міграцыі з ліку замежных грамадзянаў, якія прыбываюць нібыта навучацца ва ўніверсітэтах Гомлю. Асобныя элементы прылады, выяўленыя на месцы злачынства, не вырабляліся ў Беларусі ды паходзяць з-за мяжы, дадалі там.

Пасля прагляду відэазапісаў з камераў назірання, аналізу тэлефонных злучэнняў і іншых звестак шукаюць дзвюх асобаў ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў, сярэдняга росту. Адзін з падазраваных – каржакаватага целаскладу, носіць кароткую бараду, на твары добра бачны шнар.

Разам з тым следства адпрацоўвае і іншыя найбольш імаверныя версіі. 19 красавіка прэс-група КДБ паведамляла, што ў Гомлі пройдуць вучэнні ў барацьбе з тэрарызмам, у якіх мусяць паўдзельнічаць таксама прадстаўнікі КДБ, МНС, міліцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў