Замест беларускага пытання – абмен меркаваннямі


Беларускае пытанне не вынеслі асобна на парадак дня пасяджэння Рады міністраў замежных справаў Еўразвязу, якое пройдзе сёння ў Люксембургу. Аднак, як вынікае з парадку, запланаваны “кароткі абмен меркаваннямі” пра сітуацыю ў шэрагу краінаў – у тым ліку ў Аргенціне, Беларусі, Конга, Лівіі ды Сурынаме.

16 красавіка літоўскі міністр замежных справаў Аўдронюс Ажубаліс выказаў жаданне абмеркаваць у Радзе ЕЗ сітуацыю з беларускімі палітзняволенымі, якіх, як ён лічыць, улады мусяць не толькі памілаваць, але і рэабілітаваць.

Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, у месцах пазбаўлення волі застаюцца яшчэ 13 палітвязняў.

Кіраўнікі Еўразвязу прывіталі вызваленне экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава і сябра ягонай каманды Змітра Бандарэнкі. Пры гэтым вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар у пытаннях пашырэння Штэфан Фюле і старшыня Еўрапарламенту Марцін Шульц у сваіх заявах падкрэслілі, што астатнія палітвязні таксама мусяць быць вызваленыя.

21 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам падчас суботніка ў Менску, што вызваленне Саннікава і Бандарэнкі адбылося не пад ціскам Еўразвязу. Пры гэтым ён папярэдзіў: “Яшчэ адзін ціск – і тыя балбатуны, якія выйшлі на волю і мусяць сказаць “дзякуй”, што з імі так абышліся, могуць вярнуцца зноў у калонію”.

belsat.eu

Стужка навінаў