Карбалевіч: Вызваленне палітвязняў не звязанае з амністыяй


Да афіцыйнага Дня Незалежнасці (3 ліпеня) у Беларусі можа быць праведзеная амністыя, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“У бліжэйшы час (магчыма, да Дня Незалежнасці) у Беларусі вызваляць цэлы шэраг асуджаных – можа, дзве-тры тысячы, але тых, хто там сябе нармальна паводзіць ці, як там у іх кажуць, стаў на шлях выпраўлення”, – цытуе Лукашэнку БелТА.

Будучую амністыю прэзідэнт звязвае з нядаўнім вызваленнем апазіцыйных дзеячаў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі. “Гэтак будзе справядліва, а то бандзюгаў вызвалілі, а нармальныя людзі ў засценках нудзяцца, – выказаўся Лукашэнка. – Іх выпусцілі, а 20–30 тысячаў асуджаных такой ільготы не атрымалі. Гэта нармальна з боку прэзідэнта? Не”, – разважаў кіраўнік дзяржавы.

Палітолаг Валер Карбалевіч не бачыць сувязі паміж вызваленнем палітыкаў і магчымаю амністыяй. “Амністыі праводзяцца рэгулярна і прымеркаваныя да вялікіх дзяржаўных святаў – як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Ці трапяць пад яе астатнія апазіцыйныя дзеячы, сказаць складана, бо я ўпэўнены, што і сам прэзідэнт гэтага пакуль не ведае. Усё будзе залежаць ад таго, якім чынам будуць складацца дачыненні з Еўразвязам”, – адзначае Валер Карбалевіч.

Палітолаг не сумняваецца, што вызваленне Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі выкліканае ціскам аб’яднанай Еўропы.

“Лукашэнка вядзе гульню з Захадам, у якой вызваленне апазіцыйных дзеячаў стала жэстам, заклікам да наладжвання дачыненняў, прапановаю да дыялогу”, – кажа палітолаг.

belsat.eu
https://youtu.be/0ZBlo0TBwTY

Глядзі таксама
Каментары