Французы выбіраюць прэзідэнта


Нікаля Сарказі мае ўсе шанцы аказацца першым непераабраным прэзідэнтам за апошнія 30 гадоў.

Ягоны галоўны супернік – лідар сацыялістаў Франсўа Алянд. Агулам на прэзідэнцкае крэсла прэтэндуюць 10 чалавек. Акрамя фаварытаў гэта лідарка ўльтраправых Марын Ле Пэн, старшыня «Дэмакратычнага руху» Франсўа Байру, кандыдат ад «Левага фронту» Жан-Люк Мэляншон, кандыдатка ад партыі «Еўропа Экалогія – Зялёныя» Эва Жалі, старшыня правай партыі «Падымайся, рэспубліка» Нікаля Дзюпон-Эннян, стваральнік партыі «Салідарнасць і прагрэс» Жак Шэмінад, лідар ультралевых Філіп Путу і прадстаўніца партыі «Барацьба працоўных» Наталі Арто.

Адмыслоўцы ўпэўненыя, што ніхто з іх не набярэ 50 % галасоў выбарнікаў (у такім выпадку 6 траўня адбудзецца другі тур выбараў). Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, за дзейнага прэзідэнта гатовыя прагаласаваць 26,5 %, за Алянда – больш за 30 %, на трэцім месцы – лідарка ўльтраправых Марын Ле Пэн з амаль 20 %.

У Францыі расце ўзровень беспрацоўя, і нават самыя папулісцкія кандыдаты кажуць пра неабходнасць балючых эканамічных рэформаў. У выніку больш як 20 % выбарнікаў заявілі, што не возьмуць удзелу ў галасаванні, бо сярод дзясяткі кандыдатаў ніхто не прэзентуе іхныя інтарэсы. Яшчэ каля 10 % заявілі, што не прыйдуць на выбары, бо не вераць у тое, што могуць паўплываць на выбарчы працэс. Паводле іх, у любым выпадку прэзідэнтам будзе або Сарказі, або Алянд. Аднак людзі, што прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, поўныя энтузіязму.

«Гэта вельмі важна, а я яшчэ галасую за другую асобу – то бок адразу за двух кандыдатаў. А паколькі мы ў Парыжы, я вырашыла прыйсці як мага раней. І сапраўды, для мяне гэта вельмі істотны момант», – кажа парыжанка.

«Так, я хачу галасаваць, аднак не маю пэўнасці, што ў гэтым так шмат энтузіязму. Я расчараваная, бо ў любым выпадку ў мяне няма выбару – даводзіцца галасаваць за кандыдата, які мне зусім не пасуе», – кажа жанчына.

Сярод усіх кандыдатаў менавіта Франсўа Алянд абяцае найменш балючыя рэформы і плануе ўвесці павышаны падатак для тых, хто зарабляе больш за 1 млн еўраў. У горадзе Цюль, мэрам якога ёсць Алянд, чакаецца хіба найбольшая яўка выбарнікаў.

«Гэта вельмі добра для Цюлю, у нас ужо быў адзін прэзідэнт – Шырак – з нашых мясцінаў. Калі б яшчэ адзін быў з Цюлю, то было б выдатна», – кажа мясцовы жыхар.

Сам Алянд, здаецца, упэўнены ў сваёй перамозе. «Гэтыя выбары – выбары наступнага прэзідэнта рэспублікі – ёсць не толькі выбарамі нацыянальнымі. Гэта выбары, якія паўплываюць на лёс Еўропы. Вось чаму шмат хто глядзіць на нас, але іх цікавіць не імя пераможцы, а хто на гэтым выгадае. Вось чаму я не толькі ўдзельнічаю ў гонцы кандыдатаў. Я ў спаборніцтве, што можа даць маёй краіне імпульс, каб скіраваць Еўропу ў слушны бок», – кажа кандыдат на прэзідэнта.

Паводле фрацузскіх законаў прэзідэнт абіраецца тэрмінам на 5 год. Кожны выбаршчык можа перадаць свой голас іншай асобе, калі не можа быць у дзень выбараў на ўчастку.

belsat.eu

Стужка навінаў