Апытанне: Што рабіць з целам Леніна?


Парэшткі правадыра міравога пралетарыяту забальзамаваныя з 1924 года. Пытанне аб пахаванні цела падымалася неаднаразова. Паводле апошняга з 2009 года сацыялагічнага апытання, 66 % расейцаў выказаліся за перанос цела Уладзіміра Ульянава на могілкі “Волкаўскае” ў Пецярбурзе, дзе пахаваныя ягоная маці ды сёстры.

Напярэдадні 142 гадавіны народзінаў Леніна “Белсат” запытаўся ў жыхароў Масквы, ці патрэбны дагэтуль маўзалей на Краснай плошчы.

“Думаю, што ўжо прыйшоў час. У свой час гэта быў сімвал, а зараз, напэўна, варта б аддаць цела зямлі, як прынята”, – кажа прадавец сувеніраў на Арбаце.

“Ён ужо пахаваны. Ён пад зямлёю знаходзіцца – неістотна, ці закрыты ён зямлёю і ці ядуць яго чэрві. Ён пад зямлёю, і вышэй ніколі не падымаўся з 24 года. Ці нам трэба, каб ён гніў? Вось вы прыйшлі і пра каго пытаецеся? Вы ж не пра Пушкіна, не пра Мядзведзева і не пра Зюганава пытаецеся. Вы пра Уладзіміра Ільіча пытаецеся. Бо на вуснах і ў мазгах толькі ён – Уладзімір Ільіч”, – абурыўся на пытанне вулічны актор у вобразе Леніна.

“Як мага глыбей закапаць і бетонам заліць! І ўвесь гэты некропаль – прэч з Краснай плошчы. Ён быў самым галоўным злодзеем XX стагоддзя. Ён стварыў такую… бадзягу, і разграбаць гэта ўсё давядзецца ўсяму чалавецтву”, – не згаджаецца з калегам актор у вобразе апошняга цара Расейскай імперыі Мікалая Раманава.

“Я лічу, што не трэба яго перанасіць, бо гэта гістарычнае месца. Навошта непакоіць памяць?” – кажа студэнт.

“Думаю, што трэба перапахаваць. Бо гэта ненармальна, што труп чалавека – на Краснай плошчы. Таксама ненармальна, што столькі людзей ходзяць і глядзяць на яго. Калі хтосьці гэтак ім захапляецца, то можа і на могілкі прыйсці”, – мяркуе жанчына.

belsat.eu

Стужка навінаў