Радзькоў: суботнік – гэта зарад бадзёрасці ды добрага настрою


21 красавіка ў Беларусі праходзіць рэспубліканскі суботнік.

У Менску каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету прайшоў ўрачысты мітынг удзельнікаў суботніка. Пасля менчукі пачалі пад музыку добраўпарадкоўваць тэрыторыю прылеглага да тэатра парку.

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў накіраваліся на розныя пляцоўкі сталіцы – у парк ім. Янкі Купалы, парк ім. Грэкавай, да Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дый шмат на якія іншыя аб’екты.

Сярод тых, хто сабраўся ў тэатру, быў і намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандр Радзькоў са сцягам “Белай Русі” на плячах.

“Люблю, калі людзі вакол, калі праца ідзе спарней, калі гэта робіцца з задавальненнем і адчуваецца вынік, – падзяліўся ён з журналістамі сваім прыўзнятым настроем. – Калі чысціня, парадак – ускапаць кветнік, пасадзілі дрэва, пачысціліся. Гэта трэба выхоўваць – і ў дзяцей, і ў моладзі, ды і ў дарослых, калі яны гэтага не разумеюць. Суботнік – гэта і момант яднання, калі адчуваеш таварыства”.

Паводле Радзькова, калі суботнік праходзіць па ўсёй краіне, на кожным працоўным месцы, калі сярод яго ўдзельнікаў і прэзідэнт, і ўрадоўцы, і сябры грамадскіх аб’яднанняў, і карэспандэнты, гэта дае зарад бадзёрасці ды добрага настрою. “Тым больш калі ты ахарошваеш сваю краіну”, – сказаў на заканчэнне намеснік кіраўніка адміністрацыі.

Паводле папярэдніх звестак, сёння “зарад бадзёрасці” атрымалі больш за 3,6 млн чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў