«Чарнобыльскага шляху» на роварах не дазволілі


Арганізатары прасілі гарадскія ўлады дазволіць праезд па роварнай сцежцы ад стэлы “Менск – горад-герой” да Серабранкі ды назад.

Менгарвыканкам адмовіў Беларускай партыі Зялёныя ў дазволе на правядзенне роварнага прабегу “За альтэрнатыўную энергетыку”. Акцыя мела адбыцца 26 красавіка ў цэнтры Менску і прапагандаваць экалагічны лад жыцця.

У адмове, падпісанай намеснікам старшыні Менгарвыканку Ігарам Карпенкам, падаюцца прычыны такога рашэння: масавыя акцыі на плошчы Перамогі ды праспекце Пераможцаў забароненыя, арганізатары не паведамілі ў заяўцы, як будуць забяспечваць грамадскі парадак і працу медыкаў.
“Упершыню ў Беларусі мела адбыцца пазітыўная кампанія, звязаная з АЭС, бо мы хацелі прыцягнуць увагу да развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі, экалагічнага ладу жыцця і павагі да прыроды, – адзначае сакратар Беларускай партыі Зялёныя Яўген Герасіменка. – Атрымліваецца, што Менгарвыканкам выступае супраць альтэрнатыўных крыніцаў энергіі”.

Сярод прычынаў, якія маглі выклікаць забарону з боку сталічных уладаў, сакратар БПЗ назваў ладжанне ў гэты ж дзень “Чарнобыльскага шляху”.

“Відавочна, што ўладам не хочацца ў адзін дзень кантраляваць дзве грамадскія акцыі, таму нас, у адрозненне ад арганізатараў “Чарнобыльскага шляху”, не паклікалі на перамовы, каб развязаць пытанні з медычным абслугоўваннем ці забеспячэннем грамадскага парадку. Да таго ж маршрут праезду па роварных сцежках здымае пытанні з арганізацыяй руху”, – мяркуе Яўген Герасіменка.

На ягоную думку, некаторыя арганізатары “Чарнобыльскага шляху–2012” не супраць новай АЭС, але іхнае галоўнае патрабаванне – каб будоўлю фінансавала не Расея. “Беларуская ж партыя Зялёныя выступае катэгарычна супраць любой АЭС”, – гаворыць сакратар БПЗ.

Паводле падлікаў зялёных, удзел у акцыі пры добрым надвор’і маглі б узяць сотні менчукоў, таму цяпер БПЗ заклікае жыхароў сталіцы зрабіць крок насустрач экалагічнай свядомасці – ездзіць 26 красавіка на роварах.

belsat.eu

Стужка навінаў